.RU
Карта сайта

Андраш золтан як даследчык помнікаў беларускага пісьменства

Прыгодзіч М. Р. (Мінск, Беларусь)

АНДРАШ ЗОЛТАН ЯК ДАСЛЕДЧЫК

ПОМНІКАЎ БЕЛАРУСКАГА ПІСЬМЕНСТВА




У гісторыі замежнай беларусістыкі яму належыць адно з самых адметных месцаў. Ён з ліку першых, хто ў другой палове XX ст. у навуковых працах стаў шырока выкарыстоўваць беларускамоўны матэрыял, найперш старажытнага перыяду. Менавіта прафесар Андраш Золтан у 1990-я гг. распачаў працу Венгерскай асацыяцыі беларусістаў.

Нарадзіўся Андраш Золтан 25 снежня 1949 г. у горадзе Шопран паблізу возера Нойзідлер у сям’і лютэранскага пастара і настаўніцы. Пасля заканчэння аддзялення рускай і польскай філалогіі Будапешцкага універсітэта з 1974 г. працаваў на кафедры рускай мовы – асістэнтам, ад’юнктам, дацэнтам. У 1991 г. узначаліў наваствораную кафедру ўсходнеславянскай і балтыйскай філалогіі, на якой пасля прыезду ў Будапешт у 1994 годзе дацэнта Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта Мікалая Аляхновіча пачалі актыўна распрацоўвацца і асобныя праблемы беларускага мовазнаўства. З 2003 г. загадвае кафедрай украінскай філалогіі і застаецца ў складзе кафедры ўсходнеславянскай і балтыйскай філалогіі.

Аўтар больш як 200 публікацый, сярод якіх 22 кнігі, напісаныя асабіста і ў суаўтарстве. Прыярытэтныя кірункі ў навуковай дзейнасці – польска-ўкраінска-беларуска-рускія моўныя і культурныя кантакты, сярэднявечныя канцылярскія мовы ўсходніх славян, пытанні гістарычнай лексікалогіі, этымалогіі і словаўтварэння ўсходнеславянскіх моў, славянскія запазычанні ў венгерскай мове, бібліяграфія і гісторыя славянскага мовазнаўства ў Венгрыі і інш.

Андраш Золтан – старшыня Венгерскай асацыяцыі беларусістаў, член Венгерскага лінгвістычнага таварыства. Удзельнічаў у рабоце Міжнародных з’ездаў славістаў у Кіеве (1983), Сафіі (1988), Браціславе (1993), Кракаве (1998), выступаў з дакладамі на Міжнародных кангрэсах беларусістаў і ўкраіністаў, Гарэцкіх чытаннях, розных навуковых канферэнцыях (Мінск, Гродна, Вільнюс, Масква і інш.).

Закончыў завочную аспірантуру на кафедры рускай мовы Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта імя М. Ламаносава, дзе ў 1984 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю “Заходнеруска-велікарускія моўныя кантакты ў галіне лексікі ў XV ст. (Да пытання аб заходняй традыцыі ў дзелавым пісьменстве Маскоўскай Русі)”, навуковым кіраўніком якой быў прафесар Б. Успенскі. Менавіта дзякуючы навуковым ідэям свайго настаўніка Андраш Золтан зацікавіўся не зусім звыклай для тагачаснага савецкага мовазнаўства праблемай – уплывам заходнерускай (чытай: старабеларускай, стараўкраінскай) мовы на старарускую, роля якой у міжмоўных кантактах усходніх славян да гэтага ледзь не абсалютызавалася. На прыкладзе функцыянавання заходнерусізмаў господар, (г)осподарство, лекгатос, отщепенец, крыж венгерскі лінгвіст засведчыў ажыўлены культурны абмен паміж Заходняй і Маскоўскай Руссю ў сярэдзіне ХV ст., у выніку якога ў дзелавую мову Маскоўскай дзяржавы ўжо ў гэты ранні перыяд прыйшла зусім паказальная колькасць заходнерускіх лексічных элементаў [1, с. 103]. На думку Андраша Золтана, перадгісторыя слоў государь і государство пераконвае, што вывучэнне заходнерускай дзелавой мовы мае вялікае значэнне для гісторыі рускай лексікі, у асобных выпадках нават большае, чым для гісторыі ўкраінскай або беларускай лексікі [1, с. 108].

Ужо ў першых артыкулах даследчык звярнуў увагу на канкрэтныя факты лексічнага ўзаемаўплыву розных славянскіх моў у старажытныя часы. Зацікаўленасць старабеларускім пісьменствам прывяла А. Золтана да аднаго з найменш даследаваных помнікаў XVI ст. – “Гісторыи аб Атыле, каралі вугорскім”. На працягу апошніх дваццаці гадоў у венгерскім, расейскім, польскім і беларускім навуковым друку з’явілася некалькі дзесяткаў артыкулаў і матэрыялаў розных канферэнцый, прысвечаных асобным аспектам даследавання гэтага арыгінальнага тэксту.

Першыя згадкі пра “Гісторыю аб Атыле” адносяцца да 1846 г., калі вядомы філолаг-славіст, гісторык і пісьменнік XIX ст. Восіп Бадзянскі паведаміў пра знаходку ў бібліятэцы графаў Рачынскіх у Познані (Польшча) аб’ёмнага рукапісу за нумарам 94 з 344 аркушаў, у складзе якога і былі рыцарскія аповесці пра Трышчана, Баву і Атылу. Гэты зборнік дэталёва апісаў Аляксандр Брукнер у 1886 г., ён жа і вызначыў крыніцу ананімнага старабеларускага рукапіснага перакладу “Гісторыі аб Атыле” – польскі друкаваны пераклад Цыпрыяна Базыліка “Historia spraw Atyle Krolá Węgierskiego” Кракаў, 1574) з лацінамоўнага твора “Athila” венгерскага гуманіста Міклаша Олаха (Nicolaus Olahus, 1493 – 1568), што быў напісаны ў 1538 г. у Базелі як своеасаблівы фрагмент-устаўка ў вялікай працы Антоніо Банфіні па венгерскай гісторыі. Нягледзячы на тое, што лацінскі тэкст твора М. Олаха перавыдаваўся ў Венгрыі некалькі разоў, венгерскі пераклад яго быў апублікаваны толькі ў 1977 г. – прыкладна праз 400 гадоў пасля польскага выдання і ўзнікнення старабеларускага рукапіснага перакладу. Старабеларускі тэкст поўнасцю быў надрукаваны А. Весялоўскім у 1888 г., усе наступныя выданні ажыццяўляліся на аснове гэтай публікацыі. Аднак у беларусістыцы склалася парадаксальная сітуацыя: калі мове рыцарскіх аповесцяў пра Трышчана і Баву прысвечана спецыяльная манаграфія (1979) польскай даследчыцы Т. Ясіньскай-Соха і артыкулы ў розных энцыклапедычных выданнях (у тым ліку і ў энцыклапедыі “Беларуская мова”), то “Гісторыя аб Атыле” толькі згадваецца ў агульных працах па гісторыі беларускай літаратурнай мовы. Па словах А. Золтана, «складваецца ўражанне, нібы і самі беларускія мовазнаўцы лічылі “Гісторыю аб Атыле” нейкім другарадным, малахарактэрным помнікам старабеларускай мовы апошняй трэці XVI ст.». Вінаватым у гэтым можна прызнаць А. Брукнера, бо, паколькі ў яго пад рукой былі адначасова старабеларускі тэкст і яго польскі арыгінал, ён у сваім даследаванні для ілюстрацыі ён прывёў два кароткія фрагменты беларускага і польскага тэкстаў, даводзячы, што яны гэткім жа чынам суадносяцца і ва ўсім творы. Іншыя славісты маглі меркаваць пра якасць перакладу толькі пасля выдання А. Весялоўскага і пасля даследавання самога А. Брукнера. На самай жа справе тэксталагічныя супадзенні абодвух твораў чыста знешнія, пры іх дэталёвым супастаўленні выяўляюцца значныя разыходжанні, найперш на моўным узроўні. Так, многія польскія лексемы перадаюцца тыповымі ўсходне(беларуска)славянскімі: tedy – тогды, barzo – вельмі, trwały – терпливый, chybkiey – хисткое, zimno – студень. Польскі корань trzym- ва ўсіх выпадках замяняецца ўсходнеславянскім держ-: otrzymać zwycięstwo – одержать звитяжство. Пазней, у канцы XVII ст. са старабеларускімі тэкстамі гэтае ідыяматычнае словазлучэнне трапіла і ў Маскву, дзе паланізм звитяжство быў заменены царкоўнаславянізмам победа. Сустракаюцца ў тэксце і некаторыя ўласнабеларускія словы. Так, менавіта гэтаму помніку належыць першая вядомая фіксацыя слова бусел. У “Гісторыі аб Атыле” занатаваны і значны венгерскі лексічны матэрыял, найперш уласныя імёны і геаграфічныя назвы – Бэла, Кэвэ, Кадыка, Хаба; Бузыни, Тарнок, Кэвегаза, Кэазо і інш.

Праз 100 гадоў пасля публікацыі А. Весялоўскага старабеларускі тэкст “Гісторыі аб Атыле” выдаў украінскі навуковец В. Мікітась (Укранська література XIV – XVI стст. Кив: Наукова думка, 1988, с. 396 – 441). Андраш Золтан падрабязна аналізуе лінгвістычна значныя адхіленні ў выданні помніка А. Весялоўскім і В. Мікітасем. Так, у рукапісе і выданні А. Весялоўскага назіраюцца, напрыклад, такія разыходжанні: розные – разныя, в шатрох – в шатрах, паметки – памети, король – кроль, швабом – швабам, огретую – согретую, заховали – доховали, поки – коли, звычаю – обычаю і інш. У выданні А. Весялоўскага ёсць пропускі асобных слоў і нават цэлых радкоў. Яшчэ далей пайшоў сучасны ўкраінскі інтэрпрэтатар старабеларускага помніка В. Мікітась, які не толькі паўтарыў усе няправільнасці А. Весялоўскага, але і ўкраінізаваў арфаграфію тэкстаў, адвольна рэканструяваў (зразумела, на карысць украінскай мовы) прапушчаныя перакладчыкам словы. Параўнаем: умыслил на… спокойный жывот вести (у А. Весялоўскага) – умислив на (дали) спокойний живот вести; абы ся его люд за твоим… полепшыл – абы ся его люд за твом (панованням) поліпшив; утекъ до Кгрэцыи до Гонорыуса цэсара... своего – утік до Кгреці, до Гоноруса, цесаря, (діда) своего і да т. п. Як з іроніяй зазначае Андраш Золтан, «усе “рэканструкцыі” В. Л. Мікітася зроблены наўгад, прычым дакладнасць пападання ў яго роўная нулю» (с. 554). Такім чынам, з двух вядомых выданняў старабеларускай “Гісторыі аб Атыле” ніводнае не вытрымлівае навуковых патрабаванняў. Толькі трэцяе выданне помніка, зробленае Андрашам Золтанам, адпавядае ўсім самым строгім патрабаванням тэксталогіі і палеаграфіі.

Гэтае выданне (Золтан А. “Athila” М. Олаха ў польскім і беларускім перакладах XVI стагоддзя. Nyiregyhása, 2004) – самая грунтоўная праца венгерскага славіста. У кнізе прааналізаваны лексічны склад помніка на ўзроўні такіх асобных слоў і словазлучэнняў, як бусел, хорошыи, одерживать/одержать победу, брать/взять верх і іншых, таксама вызначаны адметнасці ўплыву польскага тэксту на старабеларускі пераклад, выяўлены і прапанаваны навукова абгрунтаваныя рэканструкцыі асобных фрагментаў. І, што самае адметнае, – прыведзены факсімільныя тэксты і транслітарацыі: а) старабеларускага перакладу па рукапісе № 94 з бібліятэкі Рачынскіх у Познані (с. 105 – 209); б) польскага тэксту па экзэмпляры кракаўскага выдання 1574 г. з бібліятэкі Польскай Акадэміі навук у Курніку (с. 214 – 453); в) транслітараваных і паралельна размешчаных старабеларускага і польскага тэкстаў з указаннем важнейшых адступленняў ад лацінскага арыгінала (с. 454 – 538). Адзначу таксама, што ў кнізе падаецца вычарпальная бібліяграфія прац венгерскіх, беларускіх, польскіх і іншых даследчыкаў, у якіх у той ці іншай ступені аналізуюцца адметнасці “Гісторыі аб Атыле” (с. 93 – 104).

Андраш Золтан па-ранейшаму знаходзіцца на пярэднім краі лінгвістычных падзей Беларусі. Фактычна штогод вучоны выступае з дакладамі на важнейшых навуковых канферэнцыях, якія праводзяцца ў розных вышэйшых навучальных установах. Так, у чэрвені 2004 г. Андраш Золтан з дакладам «Слова ораш і орашец ‘велікан’ у старабеларускай “Аповесці аб Трышчане” выступіў на 4-й міжнароднай навуковай канферэнцыі “Мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім і краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы: традыцыі і пераемнасць”, якую на базе Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта арганізавалі і правялі кафедры гісторыі беларускай мовы БрДУ і БДУ, кафедры ўсходнеславянскай і балтыйскай філалогіі Будапешцкага універсітэта імя Л. Этвеша. Першыя тры канферэнцыі гэтай тэматыкі былі праведзены ў Венгрыі дзякуючы менавіта доктару філалогіі прафесару Андрашу Золтану. У чэрвені 2005 года ён выступіў з дакладам “Венгерска-польска-беларускія моўныя і культурныя сувязі перыяду Стэфана Баторыя” на міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай польска-беларускім культурным, літаратурным і моўным сувязям, у лістападзе 2006 года даклад “Венгерска-старабеларускія фразеалагічныя паралелі” стаў прадметам ажыўленай дыскусіі на V міжнароднай канферэнцыі “Мова – Літаратура – Культура”, прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння прафесара Льва Шакуна.

Плённыя сувязі з беларускімі мовазнаўцамі, назапашаны шматгадовы вопыт выкладання беларускай мовы і культуры ў Будапешцкім універсітэце імя Лоранда Этвеша дазволілі выхаванцам Андраша Золтана пад яго навуком кіраўніцтвам падрыхтаваць аб'ёмную кнігу “Дзесяць сустрэч з Беларуссю” (Будапешт, 2006) – арыгінальны падручнік па беларускай мове для студэнтаў-вугорцаў. Аўтары працы – дацэнт кафедры гісторыі беларускай мовы і дыялекталогіі Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А. С. Пушкіна, выкладчык беларускай мовы ў Будапешцкім універсітэце Ларыса Станкевіч і студэнтка Жужа Каткіч – праз тэматычныя раздзелы “Беларусь”, “Беларускія дзяржаўныя сімвалы”, “Славутыя людзі Беларусі”, “Беларускія традыцыі, звычаі” знаёмяць навучэнцаў з асаблівасцямі фанетыкі, словазмянення, граматычнымі нормамі, лексікай і фразеалогіяй беларускай мовы. Навукова-папулярны стыль выкладу матэрыялу, як адзначае ў рэцэнзіі на кнігу Марыя Новік, дазваляе не толькі даступна падаць інфармацыю ў цэлым пра Беларусь, але і паказаць рытма-меладычную аснову беларускай мовы, яе поліфанічнасць на матэрыяле мастацкіх твораў слынных майстроў слова [2, с. 154].

Актыўная навукова-педагагічная і грамадская дзейнасць Андраша Золтана выявілася і ў пашырэнні навуковых даследаванняў па беларусістыцы сярод вучоных з розных цэнтраў Венгрыі. Акрамя Будапешцкага універсітэта беларусазнаўчыя працы з’явіліся ў вышэйшых навучальных установах гарадоў Сегед, Дэбрэцэн, Нірэдзьхаза, Печ, Самбатхей і інш. Запатрабаванымі ў венгерскіх навукоўцаў сталі слоўнікі, манаграфіі, падручнікі і вучэбныя дапаможнікі беларускіх аўтараў, з’явіліся пераклады і ўзаемапераклады паэзіі і прозы. Як і ў часы Вялікага княства Літоўскага, Беларусь пачынае займаць свой “пачэсны пасад” у сям’і еўрапейскіх народаў. І ў гэтым бачыцца неацэнная заслуга Андраша Золтана – надзейнага сябра-мовазнаўцы з берагоў быліннага Дуная.

Літаратура

  1. Золтан А. К предыстории русск. «государь» // Studia Slavica Hungarica. XXIX. Budapest, 1983. S. 71–110.

  2. Новік Марыя. “Дзесяць сустрэч з Беларуссю” для вугорцаў // Веснік Брэсцкага універсітэта. Серыя філалагічных навук. 2007. № 1 (7). С 153-154.


(Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай: VIII Міжнар. навук. канф., прысвеч. 125 – годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, 1-3 лістапада 2007 г., Мінск, БДУ: зб. навук. арт. / рэдкал.: Т. І. Шамякіна і інш. – Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2008. – С. 439 -- 442)Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт 2014-07-19 18:44
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • © sanaalar.ru
    Образовательные документы для студентов.