.RU
Карта сайта

Закон рэспублікі беларусь

ЗАКОН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

22 марта 1995 г. № 3680-XІІ

Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь

Изменения и дополнения:

Закон Республики Беларусь от 14 мая 2001 г. № 16-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2001 г., № 48, 2/759)

;

Закон Республики Беларусь от 11 ноября 2002 г. № 147-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2002 г., № 128, 2/896) – новая редакция

;

Закон Республики Беларусь от 20 июля 2006 г. № 162-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2006 г., № 122, 2/1259)

;

Закон Республики Беларусь от 7 мая 2007 г. № 212-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2007 г., № 118, 2/1309)



Гэты Закон вызначае прававыя, эканамічныя, сацыяльныя, арганізацыйныя асновы бібліятэчнай справы ў Рэспубліцы Беларусь і рэгулюе ўзаемаадносіны бібліятэк з дзяржавай, фізічнымі і юрыдычнымі асобамі ў мэтах задавальнення інфармацыйных, культурных, навуковых і іншых патрэбнасцей грамадства.

ГЛАВА 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

Артыкул 1. Асноўныя тэрміны

Для мэт гэтага Закона ўказаныя ніжэй тэрміны маюць наступныя значэнні:

бібліятэчная справа – галіна інфармацыйнай, культурна-асветніцкай і адукацыйнай дзейнасці, задачамі якой з'яўляюцца стварэнне і развіццё сеткі бібліятэк, фарміраванне і апрацоўка бібліятэчных фондаў, арганізацыя бібліятэчнага, інфармацыйнага і даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк, падрыхтоўка бібліятэчных кадраў, навуковае і метадычнае забеспячэнне дзейнасці бібліятэк;

бібліятэка – установа або структурнае падраздзяленне арганізацыі, якія ажыццяўляюць збор і забяспечваюць захаванасць дакументаў з мэтай задавальнення інфармацыйных, культурных, навуковых і іншых патрэбнасцей карыстальнікаў бібліятэкі;

бібліятэчны фонд (фонд бібліятэкі) – упарадкаваная сукупнасць дакументаў, прызначаных для захаванасці і грамадскага выкарыстання;

інфармацыйныя рэсурсы – арганізаваная сукупнасць дакументаванай інфармацыі, якая ўключае базы даных і ведаў, іншыя масівы інфармацыі ў інфармацыйных сістэмах (бібліятэках, архівах і г.д.);

дакумент – носьбіт інфармацыі, у тым ліку электронны, на якім інфармацыя змяшчаецца ў выглядзе тэксту, гуказапісу або выявы і які прызначаны для перадачы ў часе і прасторы ў мэтах захоўвання і грамадскага выкарыстання;

карыстальнік бібліятэкі – фізічная або юрыдычная асоба, якая звяртаецца да паслуг бібліятэкі;

публічная бібліятэка – бібліятэка, якая прадастаўляе магчымасць карыстання яе фондам і паслугамі грамадзянам незалежна ад іх узросту, полу, нацыянальнасці, мовы, паходжання, пасады, маёмаснага становішча, веравызнання, палітычных перакананняў, іншых абставін, а таксама юрыдычным асобам;

спецыяльная бібліятэка – бібліятэка, якая задавальняе прафесійныя інфармацыйныя патрэбнасці карыстальнікаў бібліятэкі;

цэнтральная бібліятэка – бібліятэка, якая ўзначальвае сетку бібліятэк і можа стварацца па тэрытарыяльнаму, галіноваму і іншых прынцыпах;

сетка бібліятэк – сукупнасць бібліятэк, якая вызначаецца па прыналежнасці да пэўнай тэрыторыі, заснавальніка, галіны, характарызуецца агульнасцю задач і мае метадычны цэнтр у выглядзе цэнтральнай бібліятэкі;

міжбібліятэчны абанемент – форма бібліятэчнага абслугоўвання, заснаваная на ўзаемавыкарыстанні бібліятэчных фондаў і даведачна-бібліяграфічнага апарату бібліятэк;

аўтаматызаваная інфармацыйна-бібліятэчная сістэма (АІБС) – комплекс праграмных, тэхнічных, інфармацыйных, лінгвістычных, арганізацыйна-тэхналагічных сродкаў, прызначаных для вырашэння задач бібліятэчнага, інфармацыйнага і даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк;

даведачна-бібліяграфічны апарат – сукупнасць бібліятэчных каталогаў, картатэк, баз даных, даведачных і бібліяграфічных выданняў, прызначаных для пошуку бібліяграфічнай і іншай інфармацыі.

Артыкул 2. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб бібліятэчнай справе

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб бібліятэчнай справе грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і складаецца з гэтага Закона і іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 3. Суадносіны заканадаўства аб бібліятэчнай справе і норм міжнароднага права

Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб бібліятэчнай справе.

Нормы ўступіўшых у сілу міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца часткай дзеючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь заканадаўства аб бібліятэчнай справе, падлягаюць непасрэднаму прымяненню, за выключэннем выпадкаў, калі з міжнароднага дагавора вынікае, што для прымянення такіх норм патрабуецца прыняцце ўнутрыдзяржаўнага нарматыўнага прававога акта, і маюць сілу таго нарматыўнага прававога акта, якім выказана згода Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе адпаведнага міжнароднага дагавора.

Артыкул 4. Асноўныя прынцыпы арганізацыі бібліятэчнай справы і дзейнасці бібліятэк

Асноўнымі прынцыпамі арганізацыі бібліятэчнай справы з'яўляюцца:

рацыянальнае і аптымальнае размяшчэнне сеткі бібліятэк у адпаведнасці з дэмаграфічным складам насельніцтва і з улікам развіцця асобных рэгіёнаў і галін вытворчасці;

узаемадзеянне бібліятэк і ўзаемавыкарыстанне бібліятэчных фондаў у мэтах забеспячэння патрэбнасцей карыстальнікаў бібліятэк;

дзяржаўна-грамадскі характар кіравання бібліятэчнай справай.

Асноўнымі прынцыпамі дзейнасці бібліятэк з'яўляюцца:

вызначэнне агульначалавечых каштоўнасцей у якасці прыярытэтных;

садзейнічанне адраджэнню і развіццю культурных традыцый і захаванню каштоўнасцей беларускай нацыі, іншых нацыянальнасцей, якія пражываюць у краіне, захаванасці гісторыка-культурнай спадчыны;

распаўсюджванне гуманістычных ідэй, навуковых ведаў і дасягненняў сусветнай культуры;

агульнадаступнасць інфармацыі аб змесце бібліятэчных фондаў;

самастойнасць у вызначэнні форм і метадаў дзейнасці;

каардынацыя дзейнасці па стварэнню і ўзаемавыкарыстанню інфармацыйных рэсурсаў у мэтах задавальнення інфармацыйных, культурных, навуковых і іншых патрэбнасцей карыстальнікаў бібліятэк.

ГЛАВА 2

АБАВЯЗКІ ДЗЯРЖАВЫ Ў ГАЛІНЕ БІБЛІЯТЭЧНАЙ СПРАВЫ

Артыкул 5. Дзяржаўная палітыка ў галіне бібліятэчнай справы

Асновай дзяржаўнай палітыкі ў галіне бібліятэчнай справы з'яўляецца забеспячэнне рэалізацыі права грамадзян на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне.

Для гэтай мэты дзяржава падтрымлівае бібліятэчную справу і яе развіццё шляхам:

гарантаванага фінансавання дзяржаўных бібліятэк;

распрацоўкі і забеспячэння мэтавага фінансавання дзяржаўных праграм развіцця бібліятэчнай справы;

стварэння і забеспячэння дзейнасці сеткі бібліятэк у адпаведнасці з асноўнымі прынцыпамі арганізацыі бібліятэчнай справы і дзейнасці бібліятэк;

садзейнічання развіццю дзяржаўных і прыватных бібліятэк незалежна ад спецыялізацыі і маштабаў іх дзейнасці;

забеспячэння падрыхтоўкі кадраў для галіны бібліятэчнай справы, садзейнічання іх перападрыхтоўцы і павышэнню кваліфікацыі;

стварэння ўмоў для міжнароднага супрацоўніцтва бібліятэк.

Дзяржаўныя органы выступаюць гарантамі правоў карыстальнікаў бібліятэк, не ўмешваюцца ў прафесійную дзейнасць бібліятэк, за выключэннем выпадкаў, калі такая дзейнасць вядзе да прапаганды вайны, насілля і жорсткасці, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, класавай і іншай варожасці ці нецярпімасці, а таксама парнаграфіі.

Артыкул 6. Дзяржаўнае рэгуляванне і кіраванне бібліятэчнай справай

Дзяржаўнае рэгуляванне і кіраванне бібліятэчнай справай ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй.

Рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, якія маюць у сваім падпарадкаванні бібліятэкі, праводзяць дзяржаўную палітыку ў галіне бібліятэчнай справы, вызначаюць сістэму кіравання сеткай падпарадкаваных ім бібліятэк, забяспечваюць гарантаванае фінансаванне камплектавання, захаванасць фондаў бібліятэк і рэалізацыю правоў грамадзян на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне.

Агульнае кіраванне бібліятэчнай справай ажыццяўляе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, асноўнымі функцыямі якога ў галіне бібліятэчнай справы з'яўляюцца:

удзел у фарміраванні і правядзенне адзінай дзяржаўнай палітыкі ў галіне бібліятэчнай справы;

распрацоўка і рэалізацыя дзяржаўных праграм развіцця бібліятэчнай справы;

распрацоўка навукова абгрунтаваных нарматываў матэрыяльнага і фінансавага забеспячэння дзяржаўных бібліятэк і бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва;

забеспячэнне рэгістрацыі і кантролю за выкананнем асаблівага рэжыму захоўвання і выкарыстання бібліятэчных фондаў, якія адносяцца да гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь;

удзел у метадычным і навуковым забеспячэнні бібліятэчнай справы;

забеспячэнне распрацоўкі нарматыўных прававых актаў у галіне бібліятэчнай справы, у тым ліку дзяржаўных стандартаў Рэспублікі Беларусь (далей – дзяржаўныя стандарты);

арганізацыя дзяржаўнага статыстычнага ўліку дзяржаўных і прыватных бібліятэк.

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь можа ажыццяўляць і іншыя функцыі ў галіне бібліятэчнай справы ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Артыкул 7. Удзел дзяржавы ў забеспячэнні каардынацыі і кааперацыі бібліятэчнага абслугоўвання

Для найбольш поўнага задавальнення патрэбнасцей карыстальнікаў бібліятэк, рацыянальнага выкарыстання бібліятэчных фондаў дзяржава стымулюе ўзаемадзеянне бібліятэк розных відаў. У гэтых мэтах дзяржаўныя органы або дзяржаўныя юрыдычныя асобы ў адпаведнасці са сваёй кампетэнцыяй мэтанакіравана фінансуюць дзейнасць дзяржаўных бібліятэк па стварэнню ўмоў для ўзаемавыкарыстання іх рэсурсаў на аснове міжнародных і дзяржаўных стандартаў прадастаўлення інфармацыі і абмену ёю, стварэння карпаратыўных сетак (міжбібліятэчнага абанемента, зводных каталогаў, дэпазітарыяў).

ГЛАВА 3

ВІДЫ БІБЛІЯТЭК І АРГАНІЗАЦЫЯ ІХ ДЗЕЙНАСЦІ

Артыкул 8. Віды бібліятэк

Бібліятэкі ў Рэспубліцы Беларусь падзяляюцца на дзяржаўныя і прыватныя.

Да дзяржаўных бібліятэк адносяцца бібліятэкі, заснаваныя дзяржаўнымі органамі або дзяржаўнымі юрыдычнымі асобамі.

Да прыватных бібліятэк адносяцца бібліятэкі, заснаваныя фізічнымі і (або) недзяржаўнымі юрыдычнымі асобамі.

Па значэнню бібліятэкі падзяляюцца на нацыянальную, рэспубліканскія, абласныя, гарадскія, раённыя, пасёлкаў гарадскога тыпу, сельскія.

Па зместу бібліятэчных фондаў бібліятэкі падзяляюцца на універсальныя (па ўсіх галінах ведаў) і галіновыя.

Па прызначэнню бібліятэкі падзяляюцца на публічныя і спецыяльныя.

Артыкул 9. Статус бібліятэк

Бібліятэкі з'яўляюцца некамерцыйнымі арганізацыямі, ствараюцца ў форме ўстаноў, маюць статус юрыдычнай асобы, самастойны баланс або каштарыс, рахункі (у тым ліку разліковы і валютны) у банках, пячатку адпаведнага ўзору, штампы, уласную сімволіку.

Бібліятэка можа не мець статусу юрыдычнай асобы і ўваходзіць у склад арганізацыі ў якасці структурнага падраздзялення юрыдычнай асобы.

Статус бібліятэк вызначаецца іх заснавальнікамі з улікам патрабаванняў гэтага Закона.

Артыкул 10. Парадак стварэння, дзейнасці, дзяржаўнай рэгістрацыі, рэарганізацыі і ліквідацыі бібліятэк

Бібліятэкі могуць стварацца на аснове як дзяржаўнай, так і прыватнай форм уласнасці (адпаведна дзяржаўныя і прыватныя бібліятэкі).

Парадак стварэння, дзейнасці, дзяржаўнай рэгістрацыі, рэарганізацыі і ліквідацыі бібліятэк вызначаецца ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Бібліятэка дзейнічае на аснове статута (палажэння). У статуце (палажэнні) бібліятэкі вызначаюцца яе назва, месца знаходжання, статус, від, мэты і прадмет дзейнасці, парадак кіравання дзейнасцю, а таксама змяшчаюцца іншыя звесткі, прадугледжаныя заканадаўствам аб юрыдычных асобах дадзенага віду.

Пры ліквідацыі прыватнай бібліятэкі пераважнае права набыцця яе бібліятэчнага фонду пры іншых роўных умовах маюць дзяржаўныя органы і бібліятэкі адпаведнага віду.

Артыкул 11. Раздзяржаўленне і прыватызацыя дзяржаўных бібліятэк

Раздзяржаўленне і прыватызацыя дзяржаўных бібліятэк ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Артыкул 12. Заснавальнікі і кіраўнік бібліятэкі

Заснавальнікамі бібліятэк могуць быць дзяржаўныя органы, а таксама фізічныя і юрыдычныя асобы.

У адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь бібліятэкі могуць стварацца замежнымі фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, а таксама міжнароднымі арганізацыямі.

Заснавальнік бібліятэкі фінансуе яе дзейнасць, ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва, зацвярджае яе статут (палажэнне), назначае на пасаду і вызваляе ад пасады кіраўніка бібліятэкі, стварае ўмовы для перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі бібліятэчных работнікаў праз існуючую сістэму павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры.

Заснавальнік не мае права ўмешвацца ў прафесійную дзейнасць бібліятэкі, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных яе статутам (палажэннем) і заканадаўствам.

Непасрэднае кіраўніцтва бібліятэкай ажыццяўляе яе кіраўнік, паўнамоцтвы якога ў адпаведнасці з заканадаўствам вызначаюцца статутам (палажэннем) бібліятэкі.

Артыкул 13. Бібліятэчныя работнікі

Бібліятэчнымі работнікамі з'яўляюцца фізічныя асобы, якія знаходзяцца ў працоўных адносінах з бібліятэкай на падставе заключанага працоўнага дагавора.

Правы і абавязкі бібліятэчных работнікаў, аплата іх працы вызначаюцца заканадаўствам.

Сацыяльнае страхаванне і пенсіённае забеспячэнне бібліятэчных работнікаў рэгулююцца заканадаўствам аб сацыяльным страхаванні і пенсіённым забеспячэнні.

Артыкул 14. Асноўныя задачы бібліятэк

Асноўнымі задачамі бібліятэк з'яўляюцца:

камплектаванне бібліятэчных фондаў дакументамі і забеспячэнне іх захаванасці;

ажыццяўленне апрацоўкі дакументаў, стварэнне даведачна-бібліяграфічнага апарату, у тым ліку баз даных і іншых інфармацыйных рэсурсаў;

забеспячэнне бібліятэчнага, інфармацыйнага і даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк з улікам іх патрэбнасцей;

ажыццяўленне культурна-асветніцкай, адукацыйнай і іншай дзейнасці, накіраванай на задавальненне духоўных, інтэлектуальных і культурных патрэбнасцей карыстальнікаў бібліятэк.

Артыкул 15. Правы бібліятэк

Бібліятэкі маюць права:

самастойна вызначаць змест і формы сваёй дзейнасці ў адпаведнасці з мэтамі і функцыямі, замацаванымі ў статуце (палажэнні);

ажыццяўляць у адпаведнасці з заканадаўствам і статутам (палажэннем) прадпрымальніцкую дзейнасць, у тым ліку аказваць платныя паслугі, пералік якіх вызначаецца і зацвярджаецца заснавальнікам па ўзгадненню з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь;

адкрываць у парадку, устаноўленым заканадаўствам, рахункі ў банках, у тым ліку валютныя;

вызначаць крыніцы камплектавання бібліятэчных фондаў;

фарміраваць абменныя бібліятэчныя фонды;

выключаць і рэалізоўваць дакументы з бібліятэчных фондаў у адпаведнасці з заканадаўствам;

зацвярджаць па ўзгадненню з заснавальнікамі правілы карыстання бібліятэкай;

вызначаць у адпаведнасці з заканадаўствам залогавы кошт найбольш каштоўных выданняў пры іх выдачы, а таксама ў іншых выпадках, устаноўленых правіламі карыстання бібліятэкай;

прымаць меры па кампенсацыі ўрону, нанесенага карыстальнікамі бібліятэкі, у адпаведнасці з заканадаўствам;

вызначаць умовы выкарыстання бібліятэчных фондаў на аснове дагавораў з юрыдычнымі і фізічнымі асобамі;

часова вывозіць дакументы з бібліятэчных фондаў за межы краіны ў адпаведнасці з заканадаўствам;

удзельнічаць на конкурснай ці іншай аснове ў рэалізацыі дзяржаўных і мясцовых праграм развіцця бібліятэчнай справы;

супрацоўнічаць з бібліятэкамі і іншымі ўстановамі замежных краін, у тым ліку весці міжнародны дакументаабмен, уваходзіць ва ўстаноўленым парадку ў міжнародныя арганізацыі, удзельнічаць у рэалізацыі міжнародных і іншых праграм у галіне бібліятэчнай справы;

аб'ядноўвацца ў бібліятэчныя асацыяцыі, саюзы.

Бібліятэкі на правах аператыўнага кіравання валодаюць, карыстаюцца і распараджаюцца замацаванай за імі маёмасцю ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

Бібліятэкам устанаўліваюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам ільготныя тарыфы на перасылку дакументаў па міжбібліятэчнаму абанементу, на малааб'ёмныя кантэйнерныя перавозкі дакументаў для камплектавання бібліятэчных фондаў.

Артыкул 16. Абавязкі бібліятэк

Бібліятэкі абавязаны:

садзейнічаць рэалізацыі права грамадзян на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне, устаноўленага гэтым Законам, абслугоўваць карыстальнікаў бібліятэк у адпаведнасці са сваімі статутамі (палажэннямі) і правіламі карыстання бібліятэкай;

не выкарыстоўваць звесткі аб карыстальніках бібліятэк і іх запытах у іншых мэтах, акрамя навуковых і бібліятэчных;

пашыраць доступ карыстальнікаў бібліятэк да глабальных камп'ютэрных сетак;

забяспечваць захаванасць бібліятэчных фондаў;

пры наяўнасці ў бібліятэчных фондах каштоўных і рэдкіх выданняў, калекцый, якія з'яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, забяспечваць іх захаванасць і адлюстраванне ў зводных каталогах і базах даных у рамках дзяржаўных праграм захавання і развіцця культуры;

рабіць справаздачы перад заснавальнікамі і органамі дзяржаўнай статыстыкі ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Артыкул 17. Фінансаванне бібліятэк

Асноўнымі крыніцамі фінансавання дзяржаўных бібліятэк з'яўляюцца сродкі рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў. Прыватныя бібліятэкі фінансуюцца за кошт сродкаў заснавальнікаў і з іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.

За кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў ажыццяўляюцца фінансаванне распрацоўкі і рэалізацыі праграм развіцця бібліятэчнай справы, будаўніцтва і рэканструкцыі бібліятэчных будынкаў, памяшканняў, а таксама камплектаванне бібліятэчных фондаў дзяржаўных бібліятэк.

Дадатковае фінансаванне бібліятэк можа ажыццяўляцца за кошт грашовых сродкаў фізічных і юрыдычных асоб, у тым ліку замежных, за кошт грашовых сродкаў, атрыманых ад аказання платных паслуг і іншай прадпрымальніцкай дзейнасці, дабрачынных паступленняў і з іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.

Памер грашовых сродкаў, якія паступаюць з дадатковых крыніц фінансавання, не абмяжоўваецца. Гэтыя грашовыя сродкі не могуць быць зняты з выкарыстання на канец бюджэтнага года, не ўлічваюцца пры вызначэнні аб'ёмаў бюджэтнага фінансавання на наступны год і павінны накіроўвацца на ажыццяўленне статутнай дзейнасці бібліятэкі.

Артыкул 18. Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне бібліятэк

Заснавальнікі бібліятэк абавязаны забяспечыць бібліятэкі будынкамі, памяшканнямі, пабудаванымі па спецыяльных праектах, ці іншымі добраўпарадкаванымі памяшканнямі, якія адпавядаюць умовам абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк і захаванасці бібліятэчных фондаў, а таксама адпаведнымі сродкамі механізацыі і аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў, размнажальнай тэхнікай, абсталяваннем і транспартам.

Перавод дзяржаўных бібліятэк у памяшканні, якія пагаршаюць умовы іх дзейнасці, не дапускаецца.

Артыкул 19. Камплектаванне бібліятэчных фондаў

Бібліятэчны фонд Рэспублікі Беларусь складаецца з фондаў бібліятэк розных форм уласнасці, узаемазвязаных каапераваным камплектаваннем, сістэмай дэпазітарнага захоўвання, пераразмеркавання і ўзаемавыкарыстання, адзіным даведачна-бібліяграфічным апаратам, і адлюстроўвае навуковы, культурны і інфармацыйны патэнцыял грамадства.

Камплектаванне бібліятэчных фондаў можа ажыццяўляцца шляхам:

атрымання абавязковых экземпляраў дакументаў у адпаведнасці з заканадаўствам;

бесперашкоднага набыцця за наяўны і безнаяўны разлік дакументаў і падпіскі на перыядычныя выданні;

міжнароднага, міждзяржаўнага і ўнутрырэспубліканскага дакументаабмену паміж бібліятэкамі і іншымі юрыдычнымі і фізічнымі асобамі;

атрымання дакументаў у дар.

Бібліятэчныя фонды дзяржаўных бібліятэк з'яўляюцца агульнанацыянальным здабыткам і ахоўваюцца дзяржавай.

Артыкул 20. Улік, захоўванне і выкарыстанне бібліятэчных фондаў

Улік, захоўванне і выкарыстанне бібліятэчных фондаў ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Парадак уліку, захоўвання і выкарыстання бібліятэчных фондаў, аднесеных да гісторыка-культурных каштоўнасцей, рэгулюецца заканадаўствам.

Выключаныя з бібліятэчных фондаў дакументы могуць быць перададзены бясплатна або за плату іншым юрыдычным ці фізічным асобам у парадку, устаноўленым заснавальнікам бібліятэкі.

Дакументы з бібліятэчных фондаў, якія не карыстаюцца попытам, ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку могуць перадавацца іншым бібліятэкам бясплатна або за плату, а таксама шляхам дакументаабмену паміж бібліятэкамі.

Артыкул 21. Прадпрымальніцкая дзейнасць бібліятэк

Бібліятэкі могуць ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць у адпаведнасці з заканадаўствам і сваімі статутамі (палажэннямі).

Бібліятэкі маюць права ў адпаведнасці з заканадаўствам самастойна распараджацца даходамі ад прадпрымальніцкай дзейнасці, у тым ліку ад прадастаўлення платных паслуг, і маёмасцю, набытай за кошт гэтых даходаў.

ГЛАВА 4

ЗАХАВАННЕ І ВЫКАРЫСТАННЕ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ У ГАЛІНЕ БІБЛІЯТЭЧНАЙ СПРАВЫ

Артыкул 22. Бібліятэчныя фонды і прыватныя калекцыі дакументаў як гісторыка-культурныя каштоўнасці

Бібліятэчным фондам, якія змяшчаюць асабліва каштоўныя і рэдкія дакументы, у адпаведнасці з заканадаўствам можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Фізічныя і юрыдычныя асобы, якія валодаюць прыватнымі калекцыямі дакументаў, аднесеных у адпаведнасці з заканадаўствам да гісторыка-культурных каштоўнасцей, маюць права на дзяржаўную падтрымку ў мэтах забеспячэння захаванасці калекцыі.

Артыкул 23. Нацыянальная бібліятэка Беларусі

Нацыянальная бібліятэка Беларусі з'яўляецца галоўнай універсальнай навуковай бібліятэкай, носьбітам агульначалавечых духоўных каштоўнасцей, скарбніцай культурных здабыткаў народа, яго нацыянальнай памяці. Як асабліва каштоўны аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі знаходзіцца ў адпаведнасці з заканадаўствам на асаблівым рэжыме аховы. Нацыянальная бібліятэка Беларусі не можа быць перапрафіляваная.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі дзейнічае ў адпаведнасці з гэтым Законам і Статутам, зацверджаным Урадам Рэспублікі Беларусь.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі задавальняе універсальныя інфармацыйныя патрэбнасці грамадства і выконвае наступныя асноўныя функцыі:

фарміруе, зберагае, пастаянна захоўвае і прадастаўляе карыстальнікам бібліятэкі найбольш поўны збор айчынных дакументаў і беларусікі, навукова значных замежных дакументаў; набывае ў першачарговым парадку бібліятэчныя зборы ў вядомых пісьменнікаў, дзеячаў культуры і навукі, іх наследнікаў (пры ўмове захавання гэтых збораў як унікальных калекцый), а таксама ў букіністычных кнігарнях і на аўкцыёнах;

арганізуе бібліяграфічны ўлік публікацый аб Рэспубліцы Беларусь, удзельнічае ў бібліяграфічным уліку нацыянальнага друку;

з'яўляецца навукова-даследчай установай па бібліятэказнаўству, бібліяграфазнаўству, кнігазнаўству, каардынацыйным і метадычным цэнтрам рэспубліканскага значэння, нацыянальным цэнтрам міжбібліятэчнага абанемента, рэспубліканскім галіновым цэнтрам інфармацыі па культуры і мастацтву, міжгаліновым дэпазітарыем Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскім цэнтрам аўтаматызаванай інфармацыйна-бібліятэчнай сістэмы (АІБС);

з'яўляецца дэпазітарыем матэрыялаў ААН і ЮНЕСКА;

прадастаўляе дакументы, бібліяграфічную і іншую інфармацыю ў адпаведнасці з правам грамадзян на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне;

ажыццяўляе выдавецкую і паліграфічную дзейнасць, накіраваную на падрыхтоўку і выпуск навукова-дапаможнай і папулярнай бібліяграфіі, інфармацыйных, навукова-метадычных матэрыялаў, навуковых публікацый у галіне бібліятэчнай справы, бібліяграфіі, кнігазнаўства і сумежных навук;

удзельнічае ў распрацоўцы і рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне бібліятэчнай справы.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі фінансуецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, а таксама за кошт сродкаў, прадугледжаных гэтым Законам.

Маёмасць Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з'яўляецца ўласнасцю Рэспублікі Беларусь і належыць бібліятэцы на правах аператыўнага кіравання, за выключэннем даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці, якія паступаюць у самастойнае распараджэнне бібліятэкі і ўлічваюцца на асобным балансе.

ГЛАВА 5

УЗАЕМАДЗЕЯННЕ БІБЛІЯТЭК І ЎЗАЕМАВЫКАРЫСТАННЕ ІНФАРМАЦЫЙНЫХ РЭСУРСАЎ

Артыкул 24. Узаемадзеянне бібліятэк і ўзаемавыкарыстанне інфармацыйных рэсурсаў

Узаемадзеянне бібліятэк і ўзаемавыкарыстанне інфармацыйных рэсурсаў ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з асноўнымі прынцыпамі дзейнасці і задачамі бібліятэк.

Навукова-метадычнымі і каардынацыйнымі цэнтрамі для бібліятэк сваёй сеткі з'яўляюцца цэнтральныя бібліятэкі, якія з улікам забеспячэння патрэбнасцей сваёй сеткі бібліятэк фарміруюць і захоўваюць бібліятэчныя фонды.

Функцыі цэнтральнай бібліятэкі могуць выконваць:

на рэспубліканскім узроўні – нацыянальная і спецыяльныя (рэспубліканскія) бібліятэкі;

на абласным узроўні – абласныя бібліятэкі;

на гарадскім (раённым) узроўні – гарадскія (раённыя) бібліятэкі.

Статус цэнтральнай бібліятэкі прысвойваецца рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, якія маюць у сваім падпарадкаванні бібліятэкі.

Артыкул 25. Узаемадзеянне бібліятэк з інфармацыйнымі арганізацыямі

У мэтах павышэння эфектыўнасці выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў бібліятэкі ўзаемадзейнічаюць з інфармацыйнымі арганізацыямі: органамі навукова-тэхнічнай інфармацыі, архівамі, музеямі і іншымі арганізацыямі, звязанымі са стварэннем, апрацоўкай і захоўваннем інфармацыі. Парадак узаемадзеяння вызначаецца заканадаўствам, а таксама дагаворамі паміж гэтымі арганізацыямі.

Артыкул 26. Удзел бібліятэк у працэсах інфарматызацыі

Бібліятэкі ўдзельнічаюць у стварэнні адзінай аўтаматызаванай інфармацыйна-бібліятэчнай сістэмы (АІБС) на аснове дзяржаўных стандартаў апрацоўкі дакументаў і абмену данымі.

Інфармацыйныя рэсурсы дзяржаўных бібліятэк з'яўляюцца састаўной часткай інфармацыйных рэсурсаў рэспублікі.

ГЛАВА 6

ПРАВА НА БІБЛІЯТЭЧНАЕ, ІНФАРМАЦЫЙНАЕ І ДАВЕДАЧНА-БІБЛІЯГРАФІЧНАЕ АБСЛУГОЎВАННЕ І БІБЛІЯТЭЧНУЮ ДЗЕЙНАСЦЬ

Артыкул 27. Права на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне

Фізічныя і юрыдычныя асобы маюць права на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне згодна з асабістымі патрэбнасцямі і інтарэсамі і ў адпаведнасці з гэтым Законам, статутам (палажэннем) бібліятэкі і правіламі карыстання бібліятэкай.

Права на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне забяспечваецца:

стварэннем сеткі публічных і спецыяльных бібліятэк;

разнастайнасцю відаў бібліятэк па маштабах дзейнасці, узросту і адукацыйнаму ўзроўню карыстальнікаў бібліятэк і іншых прыметах;

арганізацыяй доступу да нацыянальных і сусветных інфармацыйных рэсурсаў;

міжбібліятэчным абанементам.

Артыкул 28. Права на бібліятэчную дзейнасць

Фізічныя і юрыдычныя асобы маюць права на стварэнне бібліятэк на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і за мяжой у адпаведнасці з заканадаўствам і міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Грамадзяне маюць права ўдзельнічаць у дзейнасці апякунскіх, чытацкіх саветаў, іншых аб'яднанняў карыстальнікаў бібліятэк, якія ствараюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам па ўзгадненню з заснавальнікамі бібліятэк з мэтай узаемадзеяння бібліятэк з грамадскасцю і працуюць на грамадскіх пачатках.

Артыкул 29. Правы і абавязкі карыстальнікаў бібліятэк

Парадак карыстання бібліятэкай, пералік асноўных паслуг і ўмовы іх прадастаўлення ўстанаўліваюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам, статутам (палажэннем) бібліятэкі і правіламі карыстання бібліятэкай.

Карыстальнікі дзяржаўных бібліятэк маюць права:

бясплатна атрымліваць поўную інфармацыю аб складзе фондаў бібліятэкі;

бясплатна атрымліваць кансультацыйную дапамогу ў пошуку крыніц інфармацыі;

бясплатна атрымліваць для часовага карыстання дакументы з фондаў бібліятэкі;

атрымліваць дакументы або іх копіі па міжбібліятэчнаму абанементу;

карыстацца іншымі відамі паслуг, у тым ліку платнымі.

Непаўналетнія асобы маюць права на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне ў публічных бібліятэках, дзяржаўных дзіцячых бібліятэках, а таксама праз сетку бібліятэк дзіцячых дашкольных і навучальных устаноў.

Асобы з аслабленым зрокам і асобы, пазбаўленыя зроку, маюць права на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне і атрыманне дакументаў на спецыяльных носьбітах інфармацыі ў публічных бібліятэках і спецыяльных дзяржаўных бібліятэках.

Фізічныя асобы, якія не могуць наведваць бібліятэку па месцы жыхарства з прычыны састарэласці, фізічных недахопаў, маюць права атрымліваць дакументы з фондаў публічных бібліятэк праз нестацыянарныя формы абслугоўвання з прадугледжаным на гэтыя мэты дадатковым фінансаваннем з фондаў адпаведных бюджэтаў і праграм.

Карыстальнікі бібліятэк абавязаны выконваць правілы карыстання бібліятэкай, беражліва адносіцца да бібліятэчных фондаў, у вызначаныя бібліятэкай тэрміны вяртаць дакументы, атрыманыя з гэтых фондаў.

ГЛАВА 7

АДКАЗНАСЦЬ ЗА ПАРУШЭННЕ ЗАКАНАДАЎСТВА АБ БІБЛІЯТЭЧНАЙ СПРАВЕ

Артыкул 30. Адказнасць за парушэнне заканадаўства аб бібліятэчнай справе

Асобы, якія парушылі заканадаўства аб бібліятэчнай справе, нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам.

Президент Республики Беларусь А.Лукашенко

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт 2014-07-19 18:44
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • © sanaalar.ru
    Образовательные документы для студентов.