.RU
Карта сайта

Бароўскі лічыцца адным з самых значных польскіх празаікаў паваеннаяга дзесяцігоддзя, творчасць якога значна паўплывала на наступныя пакаленні пісьменнікаў



Тадэвуш Бароўскі

/

Tadeusz Borowski

(

1922 – 1951

) – Бароўскі лічыцца адным з самых значных польскіх празаікаў паваеннаяга дзесяцігоддзя, творчасць якога значна паўплывала на наступныя пакаленні пісьменнікаў. Яго сябра Тадэвуш Дрэўноўскі напісаў пра яго некалькі кніг, сярод якіх біяграфія “Уцёкі з каменнага свету” (Ucieczka z kamiennego świata, 1962), а таксама выдаў яго эпісталярную спадчыну.

Экзамен на Гандлёвай



(Matura na Targowej)

Экзамен на Гандлёвай



Усю зіму я вучыўся ў маленькай прыбудове, якую аддала нам фабрыка, – на руінах знішчанага падчас першага бою за Варшаву дому.

Прыбудова была вузкай, нізкай і вільготнай, а ў вялікае акно, якое глядзела на былыя гаражы, зарослыя цяпер кустоўем, вечарамі лілося месяцовае ззянне і блішчэлі агні з маста. Тады я вучыўся па вечарах. Святло лямпы, зробленай з чарніліцы (мы мусілі берагчы газу), дрыжэла нават ад дыхання. І тады велізарныя цені ад маёй галавы рухаліся па сцяне – бясшумна, як ў кіно. На збітай з дошак тахце неспакойна спалі бацька, які амаль па дванаццаць гадзінаў працаваў на нямецкай фабрыцы, маці і вялікі пародзісты даберман, што невядома адкуль прыбіўся да нас падчас аблогі. Вялізны лагодны сабака круціўся пры маіх бацьках, калі яны, пасля таго як згарэў наш дом, атабарваліся на пустым месцы пад навесам з толю, што абараняў нас ад дажджу. Сабака насіўся за варонамі, пабрэхваў на чужых – а пасля так і застаўся. У тую самую зіму Анджэй1 ездзіў з рыкшай. Рыкша – гэта ровар-каляска на трох колах. На ёй перавозяць людзей і тавары. Як у Японіі – з дапамогай ног. Анджэй, высокі, зграбны хлопец з чароўным позіркам, разам са мною скончыў школу. Калі я зачытваўся Платонам і польскімі філосафамі эпохі рамантызму, ён звяртаўся да Ібсэна і Пшыбышэўскага – духоўнага натхняльніка Маладой Польшчы, да Каспровіча2, найвыбітнейшага паэта таго перыяду. Сам ён пісаў вершы яшчэ ў школе. Цяпер жа, у гарачыя дні акупацыі, ён піша дзённік3. Аркадыюш быў мастаком. Ён цудоўна ведаў матэматыку. Падчас філасофскіх дыскусіяў ён цытаваў невядомых нам асобаў, згадваў плыні, пра якія мы нічога не чулі. Ён быў бландынам з пранізлівым поглядам мастака. Здабываў сродкі на існаванне, малюючы мінакам карыкатуры. Ён намаляваў іх больш за дзесяць тысячаў.

Ён паходзіў з багатай сям’і (яго бацька быў вядомым варшаўскім краўцом), жыў самотна, вучыўся ў мастацкай акадэміі, адначасова здаючы экзамен на атэстат сталасці, – і піў.

Юлек быў выхаванцам езуітаў. Сістэматычна працаваў над Фамой Аквінскім, над грэкамі і нямецкай філасофіяй. Зарабляў на гандлі валютай.

Усіх іх я згубіў з вачэй.

Але пакуль нас не раскідаў лёс, пакуль я не трапіў у Асвенцым, пакуль Анджэй не загінуў у вулічнай расправе, зрэшты, пад чужым імем, пакуль Аркадыюша не пахавалі руіны варшаўскіх барыкадаў – у тую зіму, першую зіму вайны, калі на захадзе, на лініі Мажыно4, доўжыліся несур’ёзныя сутычкі патрулёў, а ангельскія самалёты раскідвалі над Германіяй пачкі лістовак, старанна развязваючы кожную з іх, каб выпадкова (як жартавалі мы ў тыя часы) не забіць якога-небудзь немца, у нас, у цёмнай, як труна, Варшаве ляскалі стрэлы карных узводаў, а ў дамах з вокнамі, забітымі дошкамі, мы заканчвалі другі ліцэйскі год, рыхтаваліся да экзамену на атэстат сталасці, хаця і ведалі, што вайна будзе цягнуцца яшчэ доўгія гады.

Вучыліся мы ва ўласных кватэрах, халодных і цесных. Яны былі для нас і класамі, і хімічнымі кабінетамі. Зрэшты, некаторыя жылі ў багатых дамах. Там мы хадзілі па мяккіх дыванах, сузіралі карціны найвыбітнейшых майстроў, кончыкамі пальцаў краналіся пазалочаных карэньчыкаў кніг, а пасля занятку, пасля лекцыі па матэматыцы, уроку літаратуры, практыкаванняў па фізіцы ці чытання рэлігійнай кнігі (бо ў нас была і рэлігія, якую выкладаў дабрадушны ксёндз) бывалыя навучэнцы сядалі за брыдж, каб прайграваць у карты грошы, часта заробленыя на чорнай біржы. У пакоі згушчаўся цыгарэтны дым, клубіўся ля акна і сцяліўся пад столлю.

Зіма, няхай сабе цяжкая і цёмная, мінула незаўважна. Праўда, Анджэй падхапіў небяспечную хваробу лёгкіх і мусіў кінуць сваю рыкшу, а Аркадыюш не хацеў ісці ў нямецкае кіраўніцтва, каб купіць сабе пасведчанне мастака, і яго на вуліцах пераследавала паліцыя, – але плён наш быў значны. У партфелі Анджэя ляжала колькі добрых вершаў, на маёй збітай з дошак этажэрцы – пара кніжак, якія я набыў за грошы ад продажу пілаванага дрэва, Аркадыюш урэшце знайшоў сабе жытло і больш не начаваў па сябрах. Яшчэ пасля той жахлівай, мёртвай зімы засталіся ўзгадкі пра расправу ў Ваўры5, калі за п’янага нямецкага салдата, заколатага ў бойцы сваім жа сябрам, гестапа выцягнула з кватэраў і расстраляла на пустым заснежаным полі дзвесце мужчынаў. Ужо запаўняліся камеры турмы Павяк6, ужо набылі вядомасць Прысады Шуха7, ужо былі ў нас першыя падпольныя газеты, ужо мы самі іх разносілі.

Вясною, калі нямецкія войскі напалі на Данію і Нарвегію і адразу ж пасля гэтага, як нож, усадзіліся ў цела Францыі, у Варшаве пачаліся першыя аблавы. Чародамі ўязджалі ў горад вялізныя нямецкія фургоны – грузавыя машыны, крытыя брызентам. Жандары і гестапаўцы абкладалі вуліцы, заграбалі ўсіх прахожых у машыны і везлі ў Германію – на работы, але звычайна бліжэй, у Асвенцым, Майданэк8, Араніенбург9 – вядомыя ўжо канцлагеры. Колькі выжыла з двухтысячнага эшалону, што ў жніўні 1940 году прыбыў у Асвенцым? Магчыма, чалавек пяць. Колькі выжыла з семнаццаці тысяч, вывезеных з варшаўскіх вуліц у студзені 1943-га? Дзвесце? Трыста? Не болей.

Тады ж, падчас самых першых нямецкіх аблаваў, што абсурдным чынам раптам ператваралі сталіцу вялікай дзяржавы ў джунглі, у той самы час, калі Гітлер фатаграфаваўся на Эйфелевай вежы, а бясконцыя эшалоны польскіх вязняў рухаліся да Араніенбургу, менавіта тады мы ўчатырох – Анджэй, Аркадыюш, Юлек і я – мы ўчатырох здавалі экзамен на атэстат сталасці.

Безумоўна, не мы адны. Ніводная варшаўская гімназія не спыніла дзейнасці. Паўсюль – у гімназіях Баторыя, Чацкага, Лялевеля, Міцкевіча, Сташыца, і Уладзіслава Чацвертага, у жаночых гімназіях – імя Плятэр, каралевы Ядвігі, Канапніцкай, Ажэшкі, ва ўсіх прыватных гімназіях, пачынаючы ад тых найлепшых – святога Войцеха і Замойскага – паўсюль здаваліся экзамены на атэстат, экзамены сур’ёзныя, як і штогод да вайны, як заўсёды, ад самага пачатку існавання сучаснай школы.

Тысячы маладых людзей здавалі экзамен. Тысячы заканчвалі гімназіі і ішлі ў ліцэі. У той час, калі Еўропа ляжала ў руінах, у Вялікай Польшчы, у Сілезіі, на Памор’і і ў сэрцы Польшчы – у Варшаве – дзеці і юнакі ратавалі веру ў Еўропу і веру ў біном Ньютана, веру ў інтэгральнае вылічэнне і веру ў свабоду людзей. Калі Еўропа прайгравала сваю бітву за Волю, польская моладзь – думаю, і чэшская, і нарвежская – выйгравала сваю бітву за Веды.

Памятаю, мы стаялі ўтрох на прыпынку ля вялізнага будынка Нацыянальнага банка на Ерусалімскіх прысадах. Праз гэтую самую значную праязную магістраль сталіцы няспынна ішлі плыні нямецкіх войскаў, на захад і ўсход рухаліся абозы, танкі, браневікі, грузавыя машыны, набухлыя ад тавараў. Крыху далей, на плошчы Трох Крыжоў, дзе сёння засталіся толькі руіны прыгожага касцёла св. Аляксандра, хапалі людзей. Жандары абклалі ўсе выхады з плошчы. Пад бурчэнне рухавікоў поўныя людзей фургоны цяжка цягнуліся ў Павяк.

Гэта было абсурднае відовішча. Не магу зразумець, чаму яно выклікала смех. Часам шкала чалавечай рэакцыі апынаецца занадта кароткай, і калі трагізм дасягае скрайняй адзнакі, ён выбухае смехам. Усе мы былі ў цудоўным настроі, радаваліся, што жывем, што знаходзімся ў самым цэнтры аблавы, што збіраемся ехаць на іншы бок Віслы, на Гандлёвую вуліцу, здаваць экзамен на атэстат сталасці. І што мы паедзем туды – хай сабе нават неба зваліцца на зямлю.

Акурат тады да нас падышла старая сівая пані. Павярнула да нас зморшчаны твар. У яе вачах выразна чыталася хваляванне.

– Панове, у горадзе на плошчы Трох Крыжоў аблава, – сказала яна ціха. Тады ўсе папярэджвалі ўсіх пра аблавы, як раней пра паморкі. – Ці не зачэпіць вас хто?

– Хіба што вы, пані, – засмяяўся Анджэй.

Мы ўскочылі ў трамвай і паехалі на Прагу10. За мастом пачыналіся прысады, якія з аднаго боку межавалі з полем, а з другога – з Саксонскай выспай11 – кварталам асабнякоў. А там, дзе заканчваліся прысады, размясцілася другая калона машынаў і чакала трамваяў, як тыгр на антылопавай сцяжынцы. Мы гарохам высыпаліся з трамваю і памчалі наўскасяк праз поле, нядаўна засаджанае агароднінай. Зямля пахла вясной. На полі квітнела дзіванна і бзумкалі пчолы. А ў горадзе за ракой, бы ў гушчарах джунгляў, хапалі людзей.

Калі мы прабіліся да кватэры на Гандлёвай, дзе нас чакалі ўжо дырэктар, старшыня экзаменацыйнай камісіі, класны кіраўнік і настаўнік хіміі, хваля аблавы сягнула нашых вокнаў.

Дырэктар маўчаў. Ён уважліва слухаў адказы. Класны кіраўнік, высокі дабрадушны чалавек, мягка пазіраў на нас і дапамагаў поглядамі. У нас ніколі не было рэпутацыі добрых хімікаў – ні ў Анджэя, паэта і крытыка, ні ў Аркадыюша, мастака і філосафа, ні ў мяне. Нашыя сціплыя адказы выклікалі хітрыя ўсмешкі на твары экзаменатара, якога праз яго сівую бараду мы называлі ў школе Казябародкай. Насамрэч гэта быў вельмі паважаны навуковец.

Неяк здаліся. Тады Казябародка сказаў:

– Ну, панове, – гэтае “панове” падкрэсліла толькі што прыдбаную намі сталасць у галіне хіміі, – не будзьце дурнямі і не дайце сябе схапіць.

Ён паказаў рукой на акно, за якой мітусіўся натоўп, аточаны паліцыяй, і дадаў, падняўшы пры гэтым прабірку з нейкай чырвонай, страшэнна складанай вадкасцю, формулу якой Анджэй марна спрабаваў вывесці на дошцы.

– Калі не ведаеце, у што верыць, верце ў хімію. Верце ў навуку. З яе дапамогай вы вернецеся да чалавека.

Толькі аднаго чалавека не было тады з намі – нашага Юлека з ільнянымі валасамі, езуіцкага выхаванца. Яго схапілі паміж Новым Святам і Прысадамі, і след яго згубіўся. Восенню, калі мы паступалі ў падпольны універсітэт, нам паведамілі, што Юлека вывезлі ў Араніенбург, кепскай славы лагер пад Берлінам, і што ён яшчэ жывы.

Выкладчыкі і студэнты



Да кватэры выкладчыка трэба было ісці ціхімі бакавымі вулкамі, закатанымі асфальтам і абсаджанымі маладымі каштанамі. Восеньскае вечаровае сонца прасвечвала металічным святлом бледна-зялёнае чэзлае лісце. З цэнтру гораду сюды даносіліся прыглушаныя званкі трамваяў і аднастайны шум машынаў. Над гонтавымі дахамі асабняка зрэдку чуўся лопат галубіных крылаў, а па тратуары час ад часу праходзіў нямецкі патруль – боты жандараў білі па бруку.

Выкладчык прымаў нас у халаце і мяккіх туфлях. Ён сядзеў за пісьмовым сталом, абапіраючыся на падлокніцу фатэля, і курыў цыгарэту за цыгарэтай, маўкліва чакаючы, пакуль усе збяруцца. Мяккае бледна-зялёнае святло настольнай лямпы клалася на пазалочаныя гузікі халата і асвятляла зграбную жылістую руку выкладчыка, але не дасягала твару. Толькі тады, калі ён зацягваўся, цыгарэта разгаралася чырвоным агеньчыкам і асвятляла чорныя, гладка прычасаныя ільсняныя валасы, смуглы энэргічны твар і моцна сціснутыя вусны, якія ў чырвоным святле здаваліся амаль сінімі.

Выкладчык ніколі не праводзіў заняткаў у горадзе. Падчас самых жорсткіх вулічных аблаваў ён выкладаў заўсёды ў сябе, спачатку ў прыгожым асабняку, поўным кветак, карцін і кніг у густоўных вокладках, што грувасціліся на паліцах ад паркету да самай столі, пасля ж у сціплай кватэрцы ў прафесарскім доме ў Старым Горадзе. Іншыя выкладчыкі праводзілі семінары і лекцыі выпрабаваным, амаль класічным спосабам: па чарзе ў кватэрах сваіх студэнтаў.

Спачатку нас было восем: шэсць дзяўчатаў і два хлопцы. Мы былі першымі студэнтамі падпольнага Варшаўскага універсітэта. Сёння гэта гучыць вельмі прыгожа, але ў той час, час паветранай вайны за Англію, а заадно і за панаванне фашызму над светам, гэта здавалася чымсьці безразважным – займацца пытаннямі гісторыі польскай літаратуры, спазнаваць структуру мовы і знаёміцца з такімі непатрэбнымі ў змаганні рэчамі, як бібліяграфія і яе гісторыя. Позняй восенню, калі вайна за Англію скончылася на карысць саюзнікаў, выкладчык прачытаў нам па спісе першыя тэмы для самастойнага вывучэння, якія датычылі, безумоўна, найвялікшага твору нашай паэзіі – “Пана Тадэвуша” – і патрабавалі азнаямлення з вялізным спісам літаратуры па прадмеце. Выкладчык адкрыў для нас сваю шыкоўную бібліятэку, прыносіў нам кнігі з гораду, пазычаў іх у знаёмых і выкрадаў з зачыненых немцамі бібліятэк, кіраваў нашым чытаннем і цікавіўся ўмовамі нашага жыцця.

У вельмі прасторнай, але зусім пустой і неатопленай кватэры на шостым паверсе мы вывучалі апісальную фанетыку. Выкладчык на ровары прыязджаў з аднаго пасёлку ля Варшавы. На вузкай лесвіцы было цёмна, як у падзямеллі, і таму ён браў ровар на плечы і адной рукой круціў пярэдняе кола, з дапамогай генератара асвятляючы сабе дарогу. На шчасце, ён быў моцна складзены мужчына, але нават у яго часам збівалася дыханне. Прамерзшы ў кватэры цягам двухгадзіннай лекцыі, ён паспешліва спускаў ровар уніз і, круцячы з усе сілы педалі, вяртаўся ў свой пасёлак, каб паспець да каменданцкай гадзіны.

У кабінеце Корбута12 ў Кракаўскім прадмесці, які тады быў поўны кніжак, а цяпер зеўрае выпаленымі сценамі, праходзілі лекцыі па бібліяграфіі. Выкладчык быў вельмі малады і, штосьці расказваючы, чырванеў, як дзяўчына. Ён выцягваў для нас сярэднявечныя інкунабулы, апраўленыя абшытымі скурай дошкамі, расказваў пра тагачасную тэхніку вытворчасці паперы і працэс стварэння кнігі.

Семінары адбываліся на першым паверсе, акно выходзіла ў двор, а таму праз тоўстыя сцены старога палацу сюды не даносілася з вуліцы аніводнага гуку. У гэтай залі, поўнай старых кніг і спецыфічнага бібліятэчнага паху, можна было адпачыць, забыўшы пра вуліцы, жандараў і шпегаў, а таксама пра дом, які быў складам самых розных рэчаў, вельмі патрэбных у падпольным жыцці.

На складзе будаўнічых матэрыялаў у Празе, у памяшканні, адведзеным для начнога вартаўніка, які быў яшчэ і кладаўшчыком, чыталіся лекцыі па асновах філасофіі. Акно прыбудовы выходзіла на пляцоўку, дзе каля ямы з вапнай і груды пяску, гліны і цэглы, каля сеткі, што адгароджвала пляцоўку ад вуліцы, стаяла шырокая двухконная фурманка і маленькая ручная тачка. На вуліцы па тратуары прагульваўся жандар, што вартаваў суседні будынак, дзе трымалі людзей, якіх адпраўлялі на работы ў Прусію. З гэтай прычыны акно было знутры завешанае трысняговай цыноўкай. Хаця на вуліцы было яшчэ не цёмна, мы запальвалі ў пакойчыку святло, і выкладчык, які садзіўся на зэдліку насупраць нас, скупаваных на драўлянай тахце (пад якой ляжалі памнажальны апарат, некалькі стосаў паперы для яго і радыё), засланяў рукой вочы і марудна, выразна вымаўляючы словы, пачынаў двухгадзінную лекцыю. Мы шчыра ім захапляліся, бо гаварыў ён змястоўна, вельмі дакладна і зразумела, а яшчэ вытрымліваў дзве гадзіны на цвёрдым канцылярскім зэдліку. Праўда, іншага зэдліка не было на ўсім складзе.

Памятаю яшчэ цяпер смак дыскусій з першага году навучання. Даўжэзны Анджэй, той, які ездзіў з рыкшай, устрэсваў падчас спрэчак пышнай чупрынай. У зялёным святле лямпы на фоне карычневых карэньчыкаў кніжак ён выглядаў як вялікі раззлаваны непрыручаны кот. Калі за акном апускаўся вечар, а па блакітнай шыбе бясшумна спаўзалі вялікія, мяккія камякі снегу, мы зацята спрачаліся пра кампазіцыйныя асаблівасці “Пана Тадэвуша”, пра ўзаемасувязь лірычнага і эпічнага пачаткаў у “Бянёўскім” Славацкага13, пра ролю пейзажу ў мастацкім творы, разам з Анджэем упарта ідучы вайной на дзяўчат і бязлітасна нападаючы на іх рэфераты. Выкладчык круціў адну цыгарэту за другой і маўкліва ўсміхаўся, відавочна забаўляючыся ліхаманкавай спрэчкай, пасля ж выпраўляў нас, вучыў думаць і выстаўляцца па-навуковаму.

Такім чынам, спачатку нас было ўсяго васьмёра. Але праз два гады ў Варшаве напоўніцу дзейнічалі ўжо два універсітэты: Варшаўскі і перанесены Пазнанскі, арганізаваны выкладчыкамі, што збеглі з Познані, функцыянаваў медыцынскі факультэт, працаваў політэхнічны універсітэт, чыталіся лекцыі ў Акадэміі мастацтваў, у Тэатральным інстытуце. Апроч гэтых нібыта афіцыйных навучальных установаў тут і там вакол пісьменнікаў, літаратурных крытыкаў і мастакоў, што дзяліліся з моладзю сваім культурным досведам, стыхійна з’яўляліся мастацкія і навуковыя суполкі.

Гісторыя польскай культуры з гонарам успомніць пра тое, што ніводзін з выкладчыкаў не завагаўся, ці трэба выконваць свой абавязак, што ўсе чыталі лекцыі, часта працуючы звыш сваіх сілаў. Выкладалася філасофія і логіка, архітэктура і юрыспрудэнцыя, таемна чыталіся курсы сацыялогіі і тэалогіі, з імпэтам распраўляліся з тамізмам і камунізмам. Светапоглядныя дыскусіі, што адбываліся тады ў невялікіх колах, захопліваюць цяпер усю Еўропу.

Памятаю заканчэнне першага навучальнага году. На цудоўнай віле пад Варшавай, у садзе, поўным кветак, малінаў і чарэшні, аддзеленым ад вуліцы жывой агароджай, мы прагульваліся па сцяжынках і, абрываючы ягады поўнымі прыгаршчамі, абмяркоўвалі планы на будучыню, нібыта былі ўпэўненыя, што спакойна даедзем да дому.

Таксама зладзілі мы сапраўдную батлейку. Намалявалі на кардоне сад, поўны кветак. Кожная з іх абазначала кагосьці з нас. Выкладчык быў ружай – без кветкі, з аднымі калючкамі. Адна дзяўчына была лілеяй, што без перапынку малілася Богу. А Бог на небе ўздыхаў: “Вось жа, балбоча, балбоча, балбоча...” Выкладчык, што чытаў нам гісторыю сярэднявечнай літаратуры і знаёміў з таямніцамі кнігі, быў фіялкай, якая схавалася сярод вялізных сланечнікаў. Пасля таго як быў прачытаны адпаведны вершаваны тэкст з пахвалой яго сціпласці, і ўсе, смеючыся, запляскалі ў далоні, ён устаў, пачырванелы, як паненка, дастаў з-пад крыса сурдута кнігу і сарамліва прамовіў:

– З той прычыны, што мы заканчваем навучальны год, я дазволю сабе зачытаць штосьці з мемуараў Карпіньскага14 – пра тое, як ён здаваў экзамен на атэстат сталасці без нечага паўтара стагоддзя таму.

Карпіньскі – адзін з найсімпатычнейшых паэтаў эпохі класіцызму. Ён пісаў пачуццёвыя ідыліі і буколікі. Згодна з тагачаснымі звычаямі, атэстат сталасці ён мусіў атрымаць у касцёле. З’ехалася шляхта, блізкія і далёкія родзічы, у касцёле заблішчэла ад кунтушаў, бо ў той дзень многія яго сябры таксама атрымлівалі атэстат. Калі надышла чарга нашага ідылічнага паэта, – чытаў выкладчык, – нейкі, відаць, падпіты шляхцюк крыкнуў з шэрагу ля самага алтара:

– Вета, не дазваляю!

Гэта выглядала так, нібыта ён абвінавачваў выпускніка ў невуцтве. Прадбачлівы паэт выхапіў з-за пояса абушок і хапіў ім піяку па ілбе. Шляхцюк маўчком споўз пад лаву. “І так урачыстасць без перашкод дайшла да канца”.

Выкладчык з усмешкай загарнуў кнігу і, сеўшы ў куточку канапы, выпіў шклянку вады, якую падалі яму паслужлівыя студэнткі.

Многія з тых, што восенню 1940 году паступілі ва універсітэт, зрабіліся сёння навукоўцамі, асістэнтамі, дактарамі, адказнымі чыноўнікамі, з’яўляючыся такім чынам найлепшым доказам таго, што змаганне, якое тады вялося за веды, не было дарэмным.

У мяне ёсць прыяцель, які паступіў у медыцынскі інстытут, быў пераследаваны гестапа, арыштаваны як габрэй, пасля збег, хаваўся, скончыў інстытут, удзельнічаў у баях Варшаўскага паўстання, а цяпер ён асістэнт у найстарэйшым польскім універсітэце. Збіраецца ехаць у Парыж, каб вучыцца далей. Яму ўсяго дваццаць пяць гадоў. Не менш дзіўны і зменлівы лёс у маёй сяброўкі, асістэнткі аднаго з заходніх універсітэтаў, якая паступіла ў 1941 годзе. Мы шчыра захапляліся яе навуковымі здольнасцямі. У адзін дзень яна не прыйшла на заняткі, а праз два тыдні з’явілася крыху больш бледная, чым звычайна. Мы шумна атачылі яе, думаючы, што яна была арыштаваная ці ўдзельнічала ў нейкай аперацыі. Яна злёгку ўсміхнулася.

– Прыходзьце да мяне, пакажу вам маю дачку. Цудоўная дзяўчынка.

Дзіця было чароўнае. Вочы – ніколі ў сваім жыцці я не бачыў такіх вачэй. Назвалі дзіця, наколькі памятаю, Іяанна. Мы прапаноўвалі Бізерту15. Гэта было ў час акупацыі Тунісу італа-германскімі вайскамі. Мы не ведалі тады, што яе бацька – камандзір роты ў слынным батальёне “Зоська”. Не ведалі, што яе маці кіруе распаўсюдам вядомага падпольнага штотыднёвіка, які выходзіць дзесяцітысячнымі накладамі. Яна была добрай, вельмі добрай паланісткай.

“Цяпер, – піша яна мне, – што ж, цяпер, калі я страціла дзіця і мужа, мне здаецца, што маці і жонкай была не я, а нейкі зусім іншы чалавек, і што цяпер я пачынаю новае жыццё, нібы абудзіўшыся пасля сну. Доктарская дысертацыя? Безумоўна, я напішу яе! Лекцыі? Я буду іх чытаць. Але ведаеш...”

Цяпер ёй усяго дваццаць чатыры гады.

Памятаю вялікага знаўцу рымскай літаратуры і прыхільніка філасофіі Фамы Аквінскага, ксяндза Дыянісія, даманіканца з кляштара на Служэўцы16. Ён чырванеў кожны раз, калі паненкі з нашага курсу стралялі ў яго вочкамі. Прыгожымі завершанымі сказамі чытаў ён нам лекцыю пра лацінскую лірыку Каханоўскага, нараспеў дэкламуючы ўрыўкі з яго вершаў. Я цярпець яго не мог, а разам з ім і яго філасофію. Калі пасля аднаго занятку, што праходзіў у мяне, у маленькім дамку каля пляцоўкі з будаўнічымі матэрыяламі, дзе я працаваў начным вартаўніком, я імкліва накінуўся на арыстотэлеўскія катэгорыі, а пасля пераскочыў на Summe17 – анталогію сярэднявечнага мысляра, дамініканец усміхаўся, не запярэчыў мне і нават не паспрабаваў зрабіць выгляд, што я яго пераканаў. Праз тыдзень мы цёмнай вуліцай вярталіся з заняткаў – з лекцыі пра Маладую Польшчу. Дамініканец спыніўся на маставой, сунуў руку за пазуху і, дастаўшы кнігу, кранальным рухам працягнуў яе мне.

– Магчыма, пану яна спатрэбіцца, – мякка сказаў ён.

Гэта было даследаванне па тамізме. З таго часу ён кожны тыдзень прыносіў мне кнігі і кожны раз, калі я спрабаваў адмовіцца, з усмешкай казаў:

– У нас такая вялікая бібліятэка... Бярыце, вам спатрэбіцца.

Я вельмі палюбіў ксяндза Дыянісія. Я думаў, ён далёкі ад жыцця, але памыліўся. Аднойчы ён даслаў мне ў лагер грушавы джэм напалову са спіртам. У яго было вельмі тонкае пачуццё гумару... Пасля ён паехаў з місіяй ўглыб Германіі да польскіх працоўных і сялянаў, гвалтоўна вывезеных на работы – як у Цэнтральную Афрыку. Ён не вярнуўся ў Польшчу.

Адны перажылі звычайныя нягоды ваеннага часу і цяпер поўныя ўспамінаў, іншыя без вестак згінулі, яшчэ іншыя палі ў аперацыях ці былі расстраляныя ў вулічных расправах.

Партрэт сябра



Сярод развалінаў варшаўскай вуліцы Новы Свят, з паўднёвага боку закрытай руінамі касцёла св. Аляксандра, а з паўночнага – заваламі касцёла Святога Крыжа і ўзноўленым з абломкаў помнікам Каперніку, які трымае ў прастрэленай руцэ разбіты кулямі зямны шар, гэты трагічны кавалак парыжэлай сцяны нічым асаблівым не вылучаецца. Пад чорнай шыльдай на плітах тратуару ляжаць звялыя кветкі, лісце, якое суха шамаціць пад нагамі мінакоў, і брудныя, змятыя стужкі ад вянкоў. Людзі праходзяць міма, не звяртаючы на гэтае месца залішняй увагі. Некаторыя машынальна прыўзнімаюць капелюшы ці шапкі. Пабожныя жанчыны мімаходзь жагнаюцца і шэпчуць словы, разабраць якія немагчыма. Непадалёк ад гэтай сцяны, на першым паверсе спаленага дому, знаходзіцца кнігарня вялікага выдавецкага кааператыву, у браме размясцілася непрывабная выстава карцін (такімі выставамі Новы Свят славіўся да вайны), а з другога боку сцяны з некалькіх дошак і цаглінаў скляпалі і накрылі скрадзеным недзе толем будку, у якой запраўляюць і прадаюць аўтаручкі з залатымі пёрамі.

Кожным разам, калі я іду ля гэтай трагічнай сцяны і чую шамаценне лісця і стужак пад нагамі людзей, я думаю пра Анджэя. Ён загінуў тут у вулічнай расправе. Адзін з сотняў тысяч тых, каго забілі пад сценамі дамоў на тратуары звычайнай гарадской вуліцы. Ён заслужыў сабе прывілей застацца безыменным.

Хай ён даруе мне, што я, як і многія яго сябры, парушу гэтую безыменнасць. Сябрам пакажу на хвіліну яго твар, людзям чужым – намалюю вобраз чалавека майго пакалення, якое сталела ў цяжкія і горкія ваенныя гады.

***

Я не быў сведкам яго смерці і мой удзел у яго жыцці быў выпадковы і часовы: я ведаў, як яго завуць, мы былі знаёмыя і я яго не любіў.

Калі ў працоўнай кашулі ён пілаваў дрэвы і карчаваў пні, ён пісаў трывожныя вершы пра пілаванне ў цёмна-сініх танах, бо кашуля яго была блакітнага колеру. Калі ён прагна і раўніва назіраў за сваёй дзяўчынай, што спяшалася да яго па тратуары, ён пісаў верш пра дзяўчыну, што ляціць.

Я ніколі не ведаў, што ў ім толькі вонкавае, толькі поза, а што – сапраўднае, ад жывога чалавека. Густыя цёмныя валасы падалі гарэзлівай хваляй яму на лоб. Калі ён зацята спрачаўся ці кпіў з праціўніка, ён адкідваў іх рэзкім рухам рукі і з’едліва ўсміхаўся. Тады яго вочы блішчэлі агнём. Ён лічыўся вельмі прывабным. Я не раз спрачаўся з дзяўчатамі з падполля, даводзячы, што чары Анджэя – шарлатанскія. Яны смяяліся і сцвярджалі, што ён кажа пра мяне тое самае.

Менавіта з ім мы здавалі экзамен на атэстат сталасці. І ўсё. Пасля нашыя дарогі разышліся. Я, пасля доўгіх сумневаў і ваганняў адносна сэнсу барацьбы і жыцця, паверыў найперш у найвышэйшы сэнс навукі і паэзіі, а не зброі і прапаганды, ён жа, кінуўшы універсітэт і сваю магістарскую дысертацыю, пра якую марыў і якая мусіла ўшчэнт скалануць літаратурную крытыку, а таксама цішком высмеяўшы выкладчыкаў і спакойны, лагодны, амаль абыякавы тон іх лекцыяў, перайшоў да дзеяння. Ён хацеў быць рукамі, рукамі, якія мысляць, а не галавой – на яго думку, нядзейснай і непатрэбнай. Ён ірваўся ў бой.

Яго зачаравала ідэя польскага фашызму. Што ж, у тыя часы, калі разбіты народ робіцца ўгнаеннем для пераможцаў, заўсёды разгараецца полымем ідэя месіянства, вера ў прызванне нацыі, у яе звышчалавечую вартасць. Калі ў народа не застаецца ані кавалка ўласнай зямлі, ён хоча пашырыць свае межы да трох мораў, увабраць землі іншых людзей і падпарадаваць сабе гэтых людзей.

Анджэй увайшоў у Канфедэрацыю народу18, ваенны варыянт Фалангі19, студэнцкага нацыяналістычнага звязу. Увайшоў і ўзяўся за працу, за цяжкую працу. Разам з сябрам, тым, які загінуў, ускладаючы вянок да помніка Каперніку20, ён рэдагаваў літаратурны штомесячнік, першае літаратурнае выданне Варшавы, якое было дзёрзкім, суворым, але змушала да развагаў і спрэчак, хай сабе на павышаных танах і б’ючы кулаком аб стол. Мастак быў для іх абуджальнікам нацыянальнага ўяўлення, ён мусіў служыць народу, аб’ядноўваць яго і фармаваць яго думкі і адчуванні. Калісьці мы высмейвалі іх мары пра нацыянальны жывапіс, які выяўляў коней, ціхія польскія інтэр’еры і грубаватых вусатых шляхцюкоў.

Анджэй заўсёды хадзіў галодны і недаспаны. У яго не было нармальнага абутку. Ён насіў чаравікі на драўляных падэшвах. Яго адзенне было яшчэ з ліцэйскіх часоў, цеснае, кароткае і зношанае. Яго штаніны да лытак ведалі ўсе. Ён паўсюль кідаўся ў вочы. Хто хоць раз яго бачыў, запамінаў назаўсёды.

Ён хацеў ісці за Буг у першую дыверсійную выправу, арганізаваную яго партыяй. Сябры яго не пусцілі, узгадніўшы з найвышэйшымі коламі. І зрабілі слушна – усе, хто пайшоў, трапілі ў рукі немцаў. З рэшткамі гэтай групы, людзьмі, што прайшлі рознага кшталту допыты і расправы, я сустракаўся ў канцэнтрацыйным лагеры ў Асвенцыме. Яны былі поўныя горычы, як любы расчараваны салдат.

Толькі аднойчы сутыкнуліся мы з Анджэем у кароткай, складанай, але, магчыма, шчырай размове. Калісьці ён прыйшоў да мяне на лекцыю па філасофіі. На стале шумела маленькая карбідная лямпа, асвятляючы кола твараў. Анджэй слухаў лекцыю пра метадалогію навукі, а калі ўсе разышліся, сказаў мне:

– Няўжо ты не адчуваеш камізму сваіх дзеянняў? Ты старанна запісваў усю лекцыю.

– Ну што ж, я хачу ведаць, – няўпэўнена адказаў я.

Агрэсіўны тон Анджэя збянтэжыў мяне.

– Ведаць! Людзі не могуць чакаць, пакуль ты даведаешся! Яны паміраюць ужо сёння. Ты зрабіў што-небудзь, каб яны не паміралі?

– Нічога не зрабіў, – неахвотна сказаў я.

– Вось бачыш! – пераможна выкрыкнуў ён. – Калі нават я памыляюся, – дадаў ён нечакана, – то памыляюся правільна. Як салдат.

– Але не як мастак, – сказаў я пагардліва.

– Мастак! Ды што ты ведаеш пра абавязак мастака?! Келля для пустэльніка-мысляра, раздзіранне кашулі? Ну, чакай сваёй чаргі, уважліва чытаючы Апакаліпсіс! Бывай!

Ён схапіў вузялок, які прынёс з сабой. Вузялок развязаўся. Адтуль вываліліся змятыя транты. Анджэй згрэб іх рукой. Памахаў над галавой бруднымі кальсонамі.

– Бывай, – сказаў ён, – і памятай, што паэт мусіць быць салдатам. Калі ён не зможа абараняцца вершам, хай тады абараняецца целам.

Менавіта такі – з кальсонамі, што развяваліся над галавой, насмешлівы і патэтычны – ён усплываў у маёй памяці, калі, я задыхаючыся ў цесна забітым вагоне, ехаў у Асвенцым і калі там, цягам доўгіх зімовых начэй, выходзіў паглядзець на зоры і на доўгую паласу чалавечага дыму, што працягнулася з крэматорыя праз усё неба.

Пра яго смерць я дазнаўся з ліста нашага агульнага сябра, рэдактара падпольнага штомесячніка “Дарога”21, які пасля Варшаўскага паўстання, хворы на туберкулёз і важачы не нашмат больш за сорак кілаграмаў, дайшоў пехам да Варшавы з канцлагера на Эльбе.

У лагеры я не ведаў, як Анджэй загінуў. Можа, думаў я, ён усё ж пайшоў за Буг у другую вылазку, у якой быў пагалоўна знішчаны цэлы батальён Канфедэрацыі народа? Можа, яго схапілі гестапаўцы, калі ён набіраў у друкарні артыкул? Можа, ён проста ішоў па вуліцы і трапіў у вулічную аблаву?

Калі ўвесну я ішоў з рэдактарам “Дарогі” па вуліцы Новы Свят, там, дзе ўзвышалася прамая шурпатая сцяна, а пад ёй ляжалі звялыя, высахлыя кветкі і агаркі даўно загаслых, выпаленых свечак, ён прыўзняў капялюш і сказаў мне, калі я здзіўлена зірнуў мімаходзь на гэтае месца:

– Тут расстралялі Анджэя. Здымі шапку.

І калі мы мінулі сцяну стратаў, адно з сотняў такіх месцаў у сталіцы, Сташак рассеяна сказаў мне, нібыта думаючы пра нешта іншае:

– Ведаеш, калі цябе арыштавалі, Анджэй здабыў у Лонданскім прадстаўніцве грошы табе на пасылкі. Ён быў адным з першых, хто паклапаціўся пра цябе.

На жаль, ён не клапаціўся пра сябе. Хто хоць раз яго бачыў, запамінаў на ўсё жыццё. Ён хадзіў у чаравіках з драўлянымі падэшвамі, высокі, няголены, з іранічным бляскам у вачах. Ён карміўся ў сталоўцы нямецкай фабрыкі, бо ва ўсёй Варшаве не знайшлося нікога, хто захацеў бы даць паесці гэтаму чалавеку. Зрэшты, можа, ён быў занадта горды, каб браць там, дзе яму нічога не пагражала. У час абеду да яго падышоў нямецкі майстар у суправаджэнні двух гестапаўцаў:

– Пан не працуе на гэтай фабрыцы. Чаму пан тут абедае?

Праверылі – не працуе. Горш за тое, у яго былі фальшывыя дакументы. Свайго сапраўднага прозвішча ён не выдаў. Дома, у якім ён нібыта жыў, не існавала з 1939 году. У час узмацнення рэпрэсіяў гэтага было дастаткова.

– Ведаеш, тыя хлопцы, – працягваў рэдактар, калі мы міналі развалены касцёл Святога Крыжа, з галерэі якога Хрыстос, які цягнуў крыж, паказваў мінакам дарогу, – тыя хлопцы дзіўна сталелі перад смерцю. Вось і Анджэй! Ён адмовіўся ад вузкіх нацыяналістычных поглядаў. Адчуў у сабе прызванне паэта. Ён жа быў стваральнікам культурнага руху, беспартыйнага звязу мастакоў... Дзіўны хлопец, дзівосны!

Яго адвезлі ў Павяк. Ён быў у добрым настроі.

– Хто ведае, можа, цяпер, у турэмнай камеры, калі ў мяне ёсць трохі часу, можа, цяпер я і напішу тую магістарскую дысертацыю.

Не напісаў. Калі асуджаных расстрэльвалі, яны выкрыквалі антынямецкія лозунгі, заклікалі да свабоды. На двары Павяка з іх дзеля эканоміі здымалі адзенне і надзявалі на голае цела папяровыя кашулі. Ім рабілі ўколы, каб яны не вырываліся з путаў. Падчас публічнай расправы гэта выглядала неэстэтычна.

І яго рот, рот паэта, залілі гіпсам і забілі яго белым днём, на галоўнай артэрыі сталіцы, на вачах загнаных у падваротні мінакоў.

Кожным разам, калі я іду ля гэтай парыжэлай, разваленай сцяны, мне здаецца, што я вінаваты, я і мы ўсе – бо засталіся жывыя.

пераклад з польскай – Ганна Янкута

© Ганна Янкута, пераклад, 2010


1 Анджэй Тшэбіньскі (1922–1943) – паэт, празаік, літаратурны крытык, публіцыст, студэнт аддзялення паланістыкі падпольнага Варшаўскага універсітэта.

2 Ян Каспровіч (1860–1926) – польскі паэт, драматург, літаратурны крытык, перакладчык. Пэўны час быў рэктарам Універсітэта імя Яна Казіміра ў Львове. Перакладаў на польскую мову Эсхіла, Эўрыпіда, Шэкспіра, Марло, Байрана, Шэлі, Ўайлда, Шылера, Гётэ, Рэмбо, Метэрлінка, Ібсэна і інш.

3 Маецца на ўвазе “Дзённік” (Pamiętnik) Анджэя Тшэбіньскага, які паэт вёў падчас вайны і які з’яўляецца важнай крыніцай інфармацыі пра літаратурнае жыццё акупаванай Польшчы.

4 Лінія Мажыно – сістэма французскіх умацаванняў на мяжы з Германіяй ад Бельфора да Лангюёна. Пасля паразы Польшчы Францыя адвяла свае войскі за лінію Мажыно (так званая Дзіўная вайна).

5 Ваўр – раён у Варшаве.

6 Павяк – неіснуючая сёння турма ў Варшаве. Падчас акупацыі Польшчы Павяк быў галоўным турэмным цэнтрам генерал-губернатарства.

7 Прысады Шуха – вуліца, на якой у Варшаве размяшчаўся будынак гестапа.

8 Майданэк – лагер смерці на ўскрайку Любліна.

9 Араніенбург – адзін з самых першых канцлагераў, арганізаваны нацыстамі ў 1933 годзе.

10 Прага – гістарычны раён Варшавы, размешчаны на правым беразе Віслы.

11 Саксонская выспа – раён у Варшаве, частка Прагі.

12 Кабінет Корбута – Карбуцыянум, вядомы збор кніг, што знаходзіцца ў Палацы Сташыца (цяпер бібліятэка Інстытута літаратурных даследаванняў) – заўв. выд.

13 “Бянёўскі” – няскончаная паэма Юліюша Славацкага (1809–1849), аднаго з самых значных паэтаў і драматургаў польскага рамантызму.

14 Францішак Карпіньскі (1741–1825) – польскі паэт эпохі Асветніцтва, галоўны прадстаўнік сентыменталізму ў польскай літаратуры.

15 Бізерта – горад у Тунісе, які знаходзіўся ў цэнтры ваенных падзеяў 1942–1943 гг. У 1942 годзе нямецкія войскі напалі на Туніс, і ў лістападзе пачаліся баі паміж імі і вайскамі ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі. У 1943 годзе Туніс быў вызвалены.

16 Служэвец – раён у Варшаве.

17 Summe theologicaфіласофскае абгрунтаванне хрысціянскага веравызнання, напісанае Фамой Аквінскім.

18 Канфедэрацыя народа – польская падпольная ваенна-палітычная арганізацыя, што дзейнічала ў 1940–1943 гг.

19 Фаланга – народна-радыкальны даваенны польскі рух.

20 Маецца на ўвазе Вацлаў Баярскі (1921–1943) – польскі паэт, рэдактар часопіса “Культура і народ”.

21 Маецца на ўвазе Станіслаў Марчак-Аборскі (1921–1987) – польскі паэт, тэатразнаўца, журналіст і перакладчык, са студзеня 1944 – рэдактар літаратурнага штомесячніка “Дарога”, што выдаваўся ў снежні 1943 – красавіку 1944 гг.

prajdzisvet.org
Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт 2014-07-19 18:44
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • © sanaalar.ru
    Образовательные документы для студентов.