.RU
Карта сайта

Манькавічы ва ўспамінах ул. ДубоўКІ




МАНЬКАВІЧЫ ВА ЎСПАМІНАХ УЛ. ДУБОЎКІ



(3 кнігі ўспамінаў "Пялёсткі")

КАНЕЦ СВЕТУ

(урывак)

...Прыблізна ў 1906 годзе падарожныя людзі, як згаварыўшыся, на пытанне: "Што чуваць?" - адказвалі адно:

- Дужа кепскае чуваць. Будзе скора канец свету. Будзе анёл боскі па небе лётаць, трубіць у трубу, выклікаць на страшны суд усіх жывых і нябожчыкаў. Паадкрываюцца магілы, усе жывыя і ўмерлыя стануць перад тым судом...

Здарылася так, што - хады самалётаў яшчэ не было, - з Ковенскай (цяпер Каўнас) крэпасці вайсковыя ўлады пусцілі паветраны шар, аэрастат. Пад гэтым шарам быў падчэплены вялікі кош, а ў ім сядзела трое вайскоўцаў. Была ў іх труба, каб даваць сігнал у выпадку патрэбы, быў канат, каб людзі з зямлі маглі прыцягнуць шар да зямлі, калі з каша выкінуць канец. Паколькі газет у нас ніхто не выпісваў, пра такую падзею нашы вяскоўцы нічога не ведалі і не чулі.

Паветраная плынь панесла гэны шар на поўдзень ад Коўна. Несла, гнала яго і падагнала да нашых мясцін. Тым часам у гэтым шары нешта сапсавалася і з яго памалу пачаў выходзіць газ, якім ён трымаўся на вышыні. Заўважыўшы гэта, аэранаўты вырашылі, што ім трэба ў прыдатным месцы апусціцца на зямлю, каб ратаваць жыццё. Нашы Агароднікі ім зверху, з неба, спадабаліся. Вайскоўцы выкінулі з каша канец каната і пачалі трубіць у трубу, каб звярнуць увагу людзей на канат, каб людзі прыцягнулі іхні шар да зямлі.

Але людзі страшэнна напалохаліся. Пачуўшы трубныя гукі, згадаўшы апавяданні розных бадзяг-вандроўнікаў, яны падумалі, што сапраўды пачаўся канец свету; што гэта «анёл боскі» лётае над імі і заклікае на страшны суд.

Ніхто да гэтага каната блізка не падышоў, усе кінуліся ў хаты, пабралі абразы, павыносілі на панадворак, укленчылі, як хто ўмеў, па­чалі маліцца. Жуда была страшэнная. Мне здавалася, што аж зямля пада мною калышацца, вагаецца. Каровы рыкалі, сабакі гаўкалі, куры ўзляталі на платы і стрэхі з гучным кудахтан­нем. Здавалася, што і сонца свеціць слабей і зусім не грэе...

Адзін наш жыхар, Мацей Юц, замест абраза схапіў качаргу. 3 ёй і стаяў, укленчыўшы, на панадворку.

Тым часам паветраны шар адагнала ад нашай вёскі ў канец поля, пад Манькавічы. А было ж там урочышча, якое звалі Гарэлым балотам. Чаму Гарэлым? Бо калісьці хлопцы, пасвячы коні, упалілі торф на тым балотцы. Гарэла яно гады, пэўна, два, зімой і летам. Калі торф выгараў, увесь верх, разам з лесам, абрушыўся ў тую выгарыну. Толькі верхавіны дрэў засталіся на ўзроўні зямлі. Таму і пайшла ў нас назва - Гарэлае балота.

Пакруціўшыся над гэтым урочышчам, канец каната зачапіўся за нейкую верхавіну, пасля чаго шар павольна апусціўся на дол...

НЕЗАПРОШАНЫЯ ВІЗІЦЁРЫ



(урывак)

.. І вось даведаліся мы аднойчы ад княгінінага кухара Караля, што ў палацы ёсць вялікі пакой - кабінет нябожчыка-князя, а ў ім усе сцены застаўлены вялізнымі шафамі, а ў тых шафах - кнігі, кнігі, кнігі... Папера ў тых кнігах, як скура, вырабленая. Аздоблены яны і золатам, і срэбрам, і ўсімі колерамі, якія толькі ёсць на зямлі і на небе... Сама княгіня іх, бадай, не чытае. А больш нікому не дазволена браць кнігі ў рукі. Толькі адна глухая пакаёўка, пані Марцэля, якая і пры князю там усё даглядала, зрэдку заходзіць у той пакой і выцірае пыл са сталоў і з паліц. А яшчэ стаяць там зробленыя з каменя, з мармуру, статуі тых людзей, якія пісалі кнігі для князёўскай бібліятэкі. Яны і вартуюць цяпер гэтыя кнігі, праганяюць усіх, хто не ўмее з імі абыходзіцца... I гэта не ўсё. Пасярэдзіне таго пакоя - высокае крэсла на кольцах, у якім князя вазілі да стала, па пакоях, бо ў апошнія гады свайго жыцця хадзіць ён не мог... Людзі ціхенька казалі, што гэта лёс князя пакараў за тое, што, быўшы царскім міністрам унутраных спраў, ён вельмі многа нявінных душ загубіў, пазаганяў на катаргу або на шыбеніцу паслаў...

Паслухаўшы такія апавяданні старога Караля, - вясёлага дзеда з доўгімі сівымі бакенбардамі, мы не маглі ні спаць, ні есці, так нам захацелася пабываць у той цудоўнай бібліятэцы і самім паглядзець на дзівосныя кнігі. Адно нас толькі бянтэжыла і непакоіла - наяўнасць каменных вартаўнікоў. Як іх улітаваць і схіліць на свой бок?

Але хто ж "мы"? Мы, невялічкая кампанія дзяцей, якія жылі ў маленькім сяле Манькавічах: два фельчаравы сыны, два мае браты і тры сыны мясцовага крамніка Моўшы.

Пакрысе склалі мы поўны аператыўны план свайго паходу. Самае галоўнае - каб патрапіць у палац у часе адпачынку, калі сама княгіня адпачывала на канапе і нікому з чалядзінцаў не дазволена было хадзіць праз пакоі.

Падабраўшыся да самага палаца, мы пазалазілі на высокі балкон-тэрасу, фактычна - на другі паверх. Спрыяла гэтаму тое, што ўвесь балкон быў апавіты дзікім вінаградам. 3 гэтай тэрасы мы трапілі адразу ў вялізную залу, у хараство, не бачанае намі. На столі, па сценах былі вырабленыя з белага каменю кветкі, лісце, постаці людзей, і малых, і дарослых, і мужчын, і жанчын, але, бадай, зусім распранутых. Толькі на некаторых былі нібы лёгкія нажу-тачкі, а то і проста як бы хусціначкі. Гэта нас дужа здзівіла. Мы паспрабавалі нават растлумачыць тую акалічнасць: мабыць, горача ў іх, вось яны і параспраналіся. Уразіла нас яшчэ падлога. Чулі мы даўно, што паркет у палацы націраюць пчаліным воскам. Але ж адно слухаць, а другое бачыць: мы проста падалі на гэтай падлозе, як зімой на возеры, да таго яна была слізкая. Апрача ўсяго, мы, як у люстэрку, адлюстроўваліся тут... Але ж далей, да­лей! Мы прыйшлі не па княгінінай падлозе коўзацца, а кнігі чытаць.

3 гэтай залы было некалькі дзвярэй. На наша шчасце, мы адчынілі дзверы не насупраць балкона, - бо якраз трапілі б у той пакой, дзе адпачывала княгіня,- а на правую руку і выйшлі ў доўгі калідор. У гэтым калідоры было, пэўна, дзесяцёра дзвярэй ў розныя пакоі. Мы, ідучы калідорам, адчынялі па чарзе дзверы ў кожны пакой, але не заходзілі ў іх, бо для нас там не было нічога цікавага: сталы, ложкі, карціны... I вось, нарэшце, прачынілі мы дзверы ў які шосты або сёмы пакой.

Божухна! Праўду, шчырую праўду казаў нам сівы Кароль! Шафы, шафы, шафы і ўсе са шклянымі дзверцамі, ды ад падлогі да самай столі... Нават паміж вокан з надворнай сцяны шафы, шафы... і ва ўсіх жа шафах - кнігі, кнігі, кнігі... Мала таго, на некаторай адлегласці ад шафаў вялікія стосы кніг проста на падлозе. Гэта, мабыць, тыя, для якіх не знайшлося месца ў шафах. А на высокіх упрыгожаных слупках-тумбачках каменныя вартаўнікі - сталыя людзі, з мудрымі, высокімі лбамі...

Пакланіліся мы ім - маўчаць. Падышлі да шафаў, азірнуліся на іх - не чапаюць нас, не кратаюцца.

- Чаго ж нам баяцца іх! - рассудзіў старэйшы брат. - Яны пісалі свае кнігі для людзей. Мы ж іх не псуём. Чаго ж ім гневацца на нас?

I мы ўсе кінуліся да кніг. Бралі адну, гарталі, разглядвалі малюнкі, на якіх былі ніколі не бачаныя намі краявіды, людзі, убранні, бралі другую, трэцюю...

Мы проста сп'янелі ад гэтых кніг, ад усяго багацця, ад усяго хараства, пра якое, зразумела, раней не маглі і ў сне сасніць...

ПАЖАР



(урывак)

..І вось апоўначы ўзняўся ў маёнтку пажар. Вялізны пажар. Занялося адразу ў дваццаці месцах. Гарэлі аборы, стайні, вазоўні, гумны, свірны, пуні. За вярсту ветрам адносіла дошкі з агнём.

Ад вялікага маёнтка, можна сказаць гарадка, застаўся быў адзін палац ды некалькі камяніц. А ўсе драўляныя будынкі пагарэлі. Паабпякаліся многія карнікі, у некаторых абгарэла вопратка. Ад'язджалі яны з маёнтка накшталт напалеонаўскага войска з Масквы: хто ў цывільнай вопратцы, хто з падвязанымі сківіцамі...

Пасля прыехалі жандары, следчыя, рабілі допыты, шукалі падпальшчыкаў. Але людзі ў адзін голас адказвалі: карнікі напіліся, параскладвалі ўсюды агні, пяклі на ражэньчыках сала, самі яны і падпалілі... Так скончыўся баль. Прыйшлося ўсе будынкі будаваць нанова. А нам, сялянам, дасталася ўсё ж Залатуха замест нашых векавечных паплавоў...

КАПА ПЕРНІКАЎ ЗА ТРЫ КАПЕЙКІ



(урывак)

Каля нашае царквы быў фэст. Наз'язджаліся людзі з усяго свету, як у нас казалі. А свет гэты ўвесь меў у радыусе дзесяць - дванаццаць вёрст. Дзяўчаты і хлопцы хадзілі праз плошчу, прыбраныя ў святочныя строі. 3 бліжніх мястэчак папрыязджалі бойкія мяшчанкі з пернікамі і мучнымі цукеркамі. Моладзі хапала і ля гэтых вазоў, бо тут ішла латэрэя, цягнулі нумаркі. Аддаўшы тры капейкі, можна было выцягнуць шчаслівы нумарок на капу пернікаў адразу, а іншым разам і нічога не выцягнуць.

ЗНАКАМІТЫ ПАКУПНІК



(урывак)

Быў у нас поп, айцец Міхаіл Міркавіч. Ды не звычайны: за свае заслугі перад верай, царом, і айчынай атрымаў ён узнагароду – архірэйскую мітру, галаўны ўбор, які надзяваецца ў часе царкоўнай службы. Узнагарода была залатая і аздоблена каштоўнымі каменьчыкамі-самацветамі. Ад іх ішло такое зіхаценне, такі бляск, што аж дзіўна было глядзець. Гэтая мітра давала гонару ўсёй нашай царкве, усёй парафіі, гэта значыць, раёну. Што там абразы святых! Усе яны неяк прымерклі, стускнелі. Глядзець на мітру прыходзілі людзі з суседніх прыходаў. А манькаўцы казалі ім:

- Што ваш поп! Лысы пень нейкі! А наш - мітрай накрыты!

Болыш дасціпныя меркавалі, праўда, цішэй, што мітра айцу Міхаілу дасталася не за так, не за прыгожыя вочы. Казалі, што нібыта тады, калі пераварачвалі ўніятаў на праваслаўных, забаранялі ў цэрквах маліцца па-беларуску, дык айцец Міхаіл самы першы пайшоў на паклон да царскага архірэя ды яшчэ іншых памагаў паварочваць на чарнасотніцкі шлях. А ці не самае галоўнае, дапамог многім упартым папам-уніятам пераехаць у Сібір..

На якой бы мове ні маліўся айцец Міхаіл, але стрыг ён сваіх боскіх авечак плённа. Па смерці ён, даўні ўдавец, пакінуў сваім замужнім дочкам па пятнаццаць тысяч золатам у банку. А яшчэ ж засталася маёмасць. Адной рагатай жывёлы - трыццаць галоў, ды шафы, сталы, ды розная гаспадарчая драбяза... Усю ягоную маёмасць прадавалі з аўкцыёна...

ВЕРШЫ ПРА МАНЬКАВІЧЫ



Уладзмір Дубоўка

ЗНОЎ ВАС ПАБАЧЫЎ



Зноў вас пабачыў, бярозы старыя,

ваша ўтульнасць ізноў мяне крые.

Ціха гамоніць і вецце, і лісце,

як гаманіла калісьці, калісьці...

Вашы вяршыні кранаў я рукою,

у вашых шатрах я шукаў супакою.

Нас над зямлёй вы ўзнасілі высока,

нас, на прадвесні, паілі вы сокам,

каб шанавалі ад шчырага сэрца

тую зямлю, ад якой ён бярэцца.

Гэту пашану ніколі не траціў,

а узмацняў яе шчыраю працай.

Зноў вас пабачыў, бярозы старыя,

ваша утульнасць ізноў мяне крые...

МАНЬКАВІЧЫ



I тут паноў было нямала,

як толькі іх зямля трымала!

Ды не хапіла церплівосці:

дала ўсім месца на пагосце.

Прыйшлі рабочыя, сяляне –

змянілі ўсё да непазнання:

такія хаты і прасторы,

што і не сніліся ўчора.Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт 2014-07-19 18:44
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • Контрольная работа
  • © sanaalar.ru
    Образовательные документы для студентов.